Наталля Сліж: Сістэма палітычнага кіравання цалкам будзе змененая
Апошнія палітычныя і грамадскія падзеі ў свеце, а перадусім у нашым краі, змушаюць рабіць нясуцяшальныя меркаванні пра тое, што старых уяўленняў пра стабільнасць жыцця варта пазбаўляцца. З нашым Госцем Рацыі, кандыдатам гістарычных навук, астролагам Наталляй Сліж размаўляем пра тое, чаго чакаць у 2022 годзе.

РР: Бачыць наперад – гэта майстэрства. Напэўна, гэтым майстэрствам з’яўляецца ўменне чытаць па зорках?
Наталля Сліж: Канешне, я абсалютна з вамі згодная. І на пачатку я б хацела павіншаваць шаноўных слухачоў з Новым годам і Калядамі. Менавіта для нас гэта былі Каляды. А сам калядны перыяд, і менавіта гэты старажытны астралагічны падыход, ён пачынаўся з уваходу сонца ў знак казярога. Яшчэ пачынаючы са старажытнай Грэцыі, ва ўсіх культурах было прынята, што заканчваюцца восеньскія працы і наступае перыяд для адпачынку. І якраз у некаторых краінах гэта быў уваход у Новы год. Гэты перыяд зацягваўся і святкаваўся вельмі доўга, амаль тыдзень. А ў Рыме 1 студзеня гэта свята Януса, які таксама быў звязаны з сонечным цыклам. Сонечны цыкл – самы істотны і самы важны, паказвае менавіта змены, якія будуць адбывацца. А астралагічны год пачынаецца з уваходу сонца ў авен, і год менавіта так адлічваецца. А вось гэты зімовы перыяд – кардынальны зменлівы знак уваходу сонца ў казярог. І таксама па гэтым перыядзе мы можам прагназаваць, што чакаецца зімой.
РР: Як гэта не сумна, але падзеі апошніх амаль што двух гадоў кажуць нам пра тое, што не самыя лепшыя часы мы зараз перажываем, і ўсе з нецярпеннем чакаюць рэчаў, якія фактычна ад нас не залежаць, калі ж надыйдзе нейкая палёгка, калі надыйдзе нейкая стабільнасць. Ці чакаць стабільнасці ў гэтым, 2022 годзе?
Наталля Сліж: Тую стабільнасць, якую мы мелі да гэтага, калі Сатурн з Юпітэрам злучаліся ў зямных знаках, а зямля – гэта больш стабільныя такія знакі, накірункі, то такой стабільнасці, як раней, ужо не будзе. Мы паступова ўваходзім, калі планеты Сатурн з Юпітэрам злучыліся ў паветраных знаках, а пасля ў іх увойдзе Плутон і Уран, жыццё будзе імклівае і зменлівае. І прыйдзецца прыняць гэтую новую рэчаіснасць.
Зараз ідзе змена эпох, і зразумела, што мала хто любіць новыя эпохі, новыя перыяды, але гэта трэба прыняць. Змена новых тэндэнцый паступова будзе ісці, і зразумела, што псіхалагічна гэта самы складаны перыяд, калі ваша наладжанае жыццё мяняецца цалкам і абсалютна. І зразумела, што для большасці гэта трагедыя, таму што мала хто з людзей можа да гэтага прыстасавацца. Тым не менш гэтую дадзенасць трэба для сябе прыняць, таму што змены ёсць змены, так, як раней, ужо не будзе, як бы не хацелася. А старыя часы не захаваюцца, і не будзе старой сістэмы палітычнага кіравання, яна цалкам будзе змененая. Будзе змененая не толькі ў нашай краіне, і ў Расеі будуць змены, і еўрапейскія тэндэнцыі пачынаюцца, і яны будуць ісці.
Зразумела, што ўсе змены балючыя. Таксама мы можам параўнаць з чалавечым перыядам. Падлеткавы перыяд, напрыклад, таксама цяжка пераносіцца, крызіс сярэдняга ўзросту таксама. Вось і ў грамадства ёсць такія крызісы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя