Жыхароў ДНР масава вывозяць у Расею



Эскалацыя вакол Украіны. Улады самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі арганізавалі масавы цэнтралізаваны выезд насельніцтва ў Расею. Пра гэта паведаміў кіраўнік ДНР Дзяніс Пушылін.

У першую чаргу эвакуацыі падлягаюць жанчыны, дзеці і людзі сталага ўзросту. Эвакуяваных размесцяць у Растоўскай вобласці Расеі. Пушылін сцвярджае, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нібыта ў найбліжэйшы час аддасць ваенным загад аб пачатку наступу ў Данбасе. Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітры Кулеба заявіў на гэта, што «Ўкраіна не праводзіць і не плянуе такіх дзеянняў на Данбасе. Мы цалкам адданыя выключна дыпламатычнаму ўрэгуляванню».

Між тым, Інтэрфакс і мясцовыя жыхары паведамляюць, што ў Данецку запрацавала сырэна грамадзянскай абароны. Кіраўніцтва ЛНР заклікала сваіх жыхароў «у самыя кароткія тэрміны выехаць на тэрыторыю Расеі». Тым часам, на КПП «Шчасьце» ў Луганскай вобласці Ўкраіны пад абстрэл прарасейскіх баевікоў трапіла калона з гуманітарнай дапамогай Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў. Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны.

Пацярпелых няма. Украінская Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях паведамляе, што ў выніку абстрэлу прыкладна ў той жа час «невядомымі» быў пашкоджаны фасад будынку пажарна-ратавальнай часткі ў Шчасці. У вёсцы Арцёма снарад трапіў непасрэдна ў жылы дом. Абышлося без пацярпелых. У NATO па-ранейшаму не бачаць прыкметаў адводу расейскіх войскаў ад межаў Украіны.

Array