Новая крымінальная справа Паліны Шарэнды-Панасюк
Супраць палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк адкрыта новая крымінальная справа за сістэматычнае парушэнне ўмоў адбывання пакарання.

Уладзе не ўдалося зламіць Паліну, таму яны баяцца выхаду мужнай, нязломнай жанчыны на волю ў верасні, кажа яе муж Андрэй Шарэнда:
– Па гэтым артыкуле зняволенага фактычна можна трымаць бясконца доўга. Максімальна, што можна прымяніць першы раз – дадатковы год калоніі.
Паводле праваабаронцы Сержука Русецкага, новая справа Паліны Шарэнды-Панасюк яшчэ раз высветліла недасканаласць і самой сістэмы адбывання пакарання, і артыкула 411 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
– Ва ўмовах калі фактычна няма каму вызначыць на колькі патрабаванне адміністрацыі ёсць законнымі, чалавек знаходзіцца ў пэўнай уладзе адміністрацыі калоніі. І пасля двайнога пакарання тэрмін яго зняволення можа быць працягнуты на адзін год, а потым і яшчэ больш.
Нагадаем, што маці двух непаўнагадовых дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк пакаралі двума гадамі калоніі агульнага рэжыму нібы за супраціў міліцыі, якая гвалтоўна ўварвалася да яе ў кватэру, а таксама за абразу прэзідэнта і прадстаўнікоў улады.
Паліну змяшчалі ў карцар на два тыдні ў Гомельскай папраўчай калоніі №4, якую ўзначальвае Дзяніс Таўсцянкоў, а ў лістападзе месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя