Жыхарка Маларыты звярнулася з лістом-пратэстам у Адміністрацыю прэзідэнта
Паляшучка з Маларыты Людміла Рамановіч звярнулася з лістом-пратэстам у Адміністрацыю прэзідэнта. У лісце яна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю наконт вайны ва Украіне, якую развязала краіна-агрэсар Расея.
Жанчына таксама выказала пратэст удзелу Беларусі ў братазабойчай вайне, гаворыць Людміла Рамановіч:
– Мы супраць вайны! Як такое можа быць, каб паляшук на палешука наступаў?! Беларусь – гэта не дачны ўчастак, каго хачу, таго запрашаю на шашлыкі. Патрабую, каб прыбралі расейскую армію з нашай тэрыторыі! Гэта мая пазіцыя. Я хачу, каб яна па меншай меры была пазначана. Каб ён не думаў, што мы тут усе сядзім і пляскаем, як яму дакладваюць. Ён прыехаў сюды, папытаў у людзей?
Людміла Рамановіч просіць беларусаў не маўчаць і падтрымаць яе патрабаванне. Менавіта зараз нам трэба бараніць свой гонар, годнасць і сваю свабоду.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Пісьмо-пратэст паляшучкі Людмілы Рамановіч
Я, грамадзянка Рэспублікі Беларусь – паляшучка. Нарадзілася у 5 км ад украінскай мяжы, жыву у 15 км ад украінскай мяжы. Усё жыццё гавару на дыялекце украінскай мовы. З задавальненнем карыстаюся беларускай. Я бачу тую нябяспеку, у якую нас утравіў Пуцін са сваімі войскамі. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна – Беларусь – то не чый там дачны участак, каго хачу таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую прыбраць чужую армію з Беларусі. Украінцы нам не чужыя. А такім як я, і спадар Лукашэнка, варта падумаць, колькі у нас украінскай крыві. Мне сорамна за тое, што з нашай зямлі ляцяць ракеты ў бок мірных людзей ва Украіне. Мне страшна, што беларускія сыны могуць быць пасланыя ў мясарубку. Паляшук не павінен забіваць палешука з другога боку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны лічыць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам няма чаго дзяліць з украінцамі. У нас у кожнага ёсць свой кавалак зямлі. Мы ганарыліся добрасуседскімі адносінамі. Спадар Лукашэнка пра тое не стамляўся гаварыць. Хачу, каб спадар Лукашенка успомніў, як ён абяцаў украінцам – што ніколі з боку Беларусі да іх ніхто не прыйдзе са зброяй. Мы не бандыты. Нашы дзеці не акупанты. Я хачу, каб маё патрабаванне і погляды былі пачуты і ў адміністрацыі прэзідэнта, і ў Беларусі, і ва Украіне. Я супраць любой вайны наогул. А вайна з Украінай проста недапушчальная! Я з імі адной крыві. Адной культуры і адной мовы.
Беларускае Радыё Рацыя
