Часопісу „Узвышша” – 95 гадоў
Літаратурна-мастацкі часопіс “Узвышша” лічыцца адным з самых адметных і значных літаратурна-мастацкіх выданняў у гісторыі новай беларускай літаратуры. 2 сакавіка 1927 года выйшаў першы яго нумар. Ён быў створаны сябрамі аднайменнай літаратурнай суполкі. З 1927 па 1930 гады часопіс выдаваўся літаратурнай суполкай “Узвышша”, а ў 1931 годзе — Беларускім дзяржаўным выдавецтвам у Менску. Усяго было выдадзена 44 нумары часопіса ў 39 кнігах.

На старонках “Узвышша” друкавалі свае творы, а таксама літаратурна-крытычныя артыкулы Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка, Змітрок Бядуля, Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Максім Лужанін, Язэп Пушча, Тодар Кляшторны, Лукаш Калюга, Андрэй Мрый і іншыя. Шматлікія з прадстаўленых у часопісе твораў зрабіліся нацыянальнай класікай (раман “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, аповесці “Лявон Бушмар” Кузьмы Чорнага, “Ні госць ні гаспадар” Лукаша Калюгі, паэма “Кругі” Уладзіміра Дубоўкі і г.д.). Не меншую цікавасць і значнасць уяўляюць змешчаныя ў выданні літаратуразнаўчыя, крытычныя і моўныя артыкулы, у якіх уздымаліся пытанні і шукаліся спосабы развязання разнастайных праблемаў (мастацкія канцэпцыі, герой, тэма, форма і іншыя), звязаных з вызначэннем напрамкаў развіцця беларускай літаратуры, а таксама распрацоўкай, кадыфікацыяй і нармаваннем беларускай літаратурнай мовы.

Беларускае Радыё Рацыя