Палітычны пераслед у рэгіёнах працягваецца



Вайна беларускай міліцыі з народам па нязначных эпізодах, якія лічацца «палітычнымі», працягваецца. Гэта за каментары ў інтэрнэце ў адрас міліцыянтаў, за пашкоджаныя чырвона-зялёныя сцягі, да якіх частка  людзей раўнадушна, другая – ўспрымае як сімвал самазванца пры ўладзе.

Адказныя за эпізоды – незаконна прыцягнутыя па палітычных артыкулах яшчэ ў 2020 годзе. Дазвол на налёт з вобшукамі лёгка атрымліваецца ў пракурора Бярозаўскага раёна Аляксандра Круцько, кажа жыхар Бярозы Уладзімір:

– А чаго вы наогул прыйшлі, менавіта да мяне? У нас так напісана. А чаму ў вас так напісана? Ну, вы ж прыцягваліся па гэтым артыкуле. Я кажу, прыцягвалі мяне па гэтым артыкуле паўтара гады таму, а адміністрацыйная адказнасць дзейнічае год, а потым яна гасіцца. Ну, я не ведаю чаму.

Паводле праваабаронцы Сяржука Русецкага, такія эпізоды сталі прывычнымі і не ўспрымаюцца праваахоўнікамі як парушэнне закону і правоў чалавека.

– Робяць ператрусы, затрымліваюць перад нейкай падзеяй, альбо нейкага здарэння. У дадзеным выпадку пашкоджання сцягоў. Як сказаў дзейсны кіраўнік дзяржавы „иногда не до законов”, дзе слова „иногда” пераўтвараецца ў „вельмі часта” бывае не да законаў.

Яшчэ адну ахвяру гэтай так званай крымінальнай справы Уладзіміра з Белаазёрска затрымлівалі і змяшчалі ў жахлівыя ўмовы ізалятара часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС, але адпусцілі. Падрабязнасці затрымання другога Уладзіміра пакуль невядомыя.

Беларускае Радыё Рацыя