Пуцін падтрымаў Беларусь у намеры атрымаць порт на Балтыцы
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін падтрымлівае імкненне Беларусі атрымаць доступ да партоў на Балтыцы. Пра гэта ён заявіў на цырымоніі ўзняцця сцяга новага парома „Маршал Ракасоўскі”, паведамляе БелТА.
«Я гэта таксама падтрымліваю, я прасіў вас аказаць усялякае садзейнічанне. Гэта тычыцца самых розных месцаў, розных кропак, розных збудаванняў, дзе нашыя беларускія сябры маглі б ажыццяўляць гэтыя праекты», — сказаў ён, звяртаючыся да губернатара Ленінградскай вобласці Аляксандра Драздзенкі і іншых чыноўнікаў.
Пуцін не стаў удакладняць, якія ёсць варыянты. Ён зазначыў, што яны розныя.
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускі прыватны капітал інвестуе ў порт у Ленінградскай вобласці, праз які плануецца перапраўляць айчынныя калійныя ўгнаенні. Беларускі ўрад таксама збіраецца забраць з партоў краін Балтыі ўсе астатнія грузы. Акрамя таго, Еўрасаюз увёў эмбарга на імпарт цэменту, драўніны і металапрадукцыі з краіны, што таксама не дае магчымасці выкарыстоўваць парты ЕС.