Стыкавы матч Расея – Польшча могуць перанесці на чэрвень
Расея па-ранейшаму можа згуляць стыкавы матч ЧС-2022 па футболе супраць Польшчы. Паводле інфармацыі польскага выдання Interia, у ФІФА зараз спрабуюць знайсці рашэнне, па якім Расея працягне ўдзел у кваліфікацыі. Так, па адным з варыянтаў, матч паміж Расеяй і Польшчай можа быць перанесены на чэрвень. Прэс-аташэ зборнай Польшчы Якуб Квяткоўскі паведаміў, што ФІФА яшчэ не прыняла рашэнне па гульні з расейцамі. Пры гэтым раней Расея афіцыйна была адхілена ад турніраў ФІФА і УЕФА.
Беларус Ілья Івашка ўпершыню ў кар’еры ўзняўся на 41-е месца ў рэйтынгу ATP
Беларус Ілья Івашка ўзняўся на 41-е месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў. Пакуль у яго кар’еры гэта найвышэйшая пазіцыя ў сусветным рэйтынгу. Цяпер у актыве 28-гадовага беларускага тэнісіста 1179 ачкоў. Яшчэ адзін беларус Ягор Герасімаў займае 148-ю пазіцыю. Лідыруе Данііл Мядзведзеў з Расеі.
У рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі беларуска Арына Сабаленка займае трэцяе месца, маючы ў сваім актыве 4853 ачкі. Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 15-й пазіцыі. Аляксандра Сасновіч займае 59-е месца. У жаночым рэйтынгу першая па-ранейшаму аўстралійка Эшлі Барці.
Эрлінг Холанд вызначыцца з будучыняй у бліжэйшыя тыдні
Нападнік Эрлінг Холанд абярэ новую каманду ў бліжэйшыя тыдні. Фаварытамі ў барацьбе за 21-гадовага форварда з’яўляюцца „Манчэстэр Сіці” і „Рэал”. Мадрыдскі клуб планаваў найбліжэйшым летам падпісаць Кіліяна Мбапэ з „ПСЖ”, а Холанда праз год, аднак канкурэнцыя з „Сіці” можа прымусіць „Рэал” купіць нарвежца ўжо ў гэтае міжсезонне. Раней з’явілася інфармацыя, што Холанд купляе дом у Марбельі, бо лічыць, што Іспанія будзе яго другім домам.
Дзмітрый Кузьмін працягнуў бліскучы адрэзак у OHL
У чарговым матчы рэгулярнага сезона „Флінт” абыграў „Гелф” з лікам 5:1. Беларускі абаронца пераможцаў Дзмітрый Кузьмін аформіў дубль і быў прызнаны першай зоркай матчу. Адну з шайб хакеіст закінуў у меншасці. Таксама ў яго актыве „+3” па сістэме „плюс-мінус». У цяперашнім сезоне Кузьмін набраў 30 (12+18) ачкоў у 42 сустрэчах.
Беларускае Радыё Рацыя