Агляд прэсы: ці хутка паўза?



Беларускія вайскоўцы не жадаюць далучацца да вайны Уладзіміра Пуціна ва Украіне. Знішчальнікі МіГ-29: ЗША адхілілі прапанову Польшчы. Украіна і Расея правядуць перамовы ў Турцыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Аляксандр Лукашэнка ператварыў Беларусь у пляцоўку для захопніцкай вайны Уладзіміра Пуціна супраць Украіны. Расейскія ваенныя пастаўкі паступаюць ва Украіну чыгуначным і аўтамабільным транспартам праз паўночную мяжу краіны з Беларуссю, у той час як ракеты падаюць на ўкраінскія гарады з-за мяжы з Беларуссю», – адзначае амерыканскае выданне Atlantic Сouncil.

Выданне падкрэслівае, што да нядаўняга часу меркавалася, што беларускія войскі таксама далучацца да ўварвання расейскіх войскаў. Аднак у шэрагах беларускіх вайскоўцаў ёсць прыкметы паўстання.

«Некалькі вышэйшых вайскоўцаў звольніліся, збеглі з краіны і звязаліся з  дзеячамі апазіцыі, якія жывуць за мяжой. Падобна на тое, што рашэнне аб прыцягненні беларускіх вайскоўцаў да баявых дзеянняў было зменена ў выніку ціску вышэйшага кіраўніцтва і адмовы вайскоўцаў ваяваць. Жорсткае ўварванне Пуціна ва Украіну мае нечаканыя наступствы і адваротны ўдар у большай колькасці, чым расейскі кіраўнік мог сабе ўявіць. Гэта аб’яднала ўкраінцаў. Вайна кансалідавала Захад такім чынам, што яшчэ некалькі тыдняў таму было немагчыма ўявіць. Вайна таксама выклікала шырокія пратэсты ў Расеі супраць нарастаючых рэпрэсій. І нягледзячы на фактычную мяккую анексію Беларусі Расеяй, падобна, што гэта выклікала бунт ва ўзброеных сілах гэтай краіны», – піша амерыканскае выданне.

Польшча прапануе паставіць Украіне наяўныя ў Варшавы баявыя самалёты яшчэ савецкай вытворчасці – 28 знішчальнікаў мадэлі МіГ-29, знаёмай украінскім лётчыкам. Прапануецца перадыслакаваць самалёты на адну з авіябазаў ЗША, а затым перафарбаванымі перадаць Украіне. Вашынгтон адхіляе гэты план, каб НАТА не аказалася ўвязанай у вайну.

«Калі Польшча паставіць Украіне самалёты МіГ-29, то пажар вайны перакінецца і на іншыя краіны», – такое меркаванне выказвае швейцарская газета Tages-Anzeiger.

«Вялікая небяспека таго, што калі МіГі патрапяць ва Украіну з тэрыторыі НАТА, то Масква ўспрыме гэта як умяшанне Захаду ў вайну. Вайна ва Украіне – гэта неапісальныя пакуты для яе насельніцтва. Аднак у ваенных адносінах гэта пакуль што геаграфічна абмежаванае ваеннае супрацьстаянне паміж Расеяй і Украінай. І пакуль гэта так, канфлікт хоць у нейкай ступені можа заставацца пад кантролем, як у вайсковым, так і ў палітычным зрэзах. Перафарбаваныя польскія баявыя самалёты былі б менавіта тым, чаго так жадае Пуцін»,  – папярэджвае швейцарскае выданне 

У чацвер у Турцыі прайшла сустрэча кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова і міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы. Гэта першая сустрэча высокапастаўленых прадстаўнікоў абедзвюх краін з моманту пачатку вайны. Аднак асаблівых спадзяванняў аглядальнікі на сустрэчу не ўскладалі.

«Турцыя падтрымлівае адносіны з абодвума ваюючымі бакамі. А гэта – вельмі няпростая роля», – піша нідэрландская газета De Volkskrant.

«Для Турцыі на коне стаіць вельмі шмат. Палова яе патрэбаў у энергіі пакрываецца за кошт расейскага газу. Турцыя замовіла ў Масквы зенітны ракетны комплекс С-400. Аб’ём узаемнага гандлю вялікі, і звычайна Турцыю наведваюць каля пяці мільёнаў расейскіх турыстаў штогод. Пры жаданні Расея можа нашкодзіць Турцыі ў Сірыі. Так што Анкары зараз даводзіцца балансаваць. З аднаго боку, Турцыя прытрымліваецца курса НАТА: Анкара закрыла расейскім ваенным караблям праход праз Басфор, і нават паставіла Украіне дроны, якія тая зараз з поспехам задзейнічае супраць расейскіх танкаў і іншай ваеннай тэхнікі. З іншага боку, Анкара жадае захаваць сяброўства з Масквой», – разважае нідэрландскае выданне.

Санкцыі супраць Расеі не толькі адрэзалі жыхароў краіны ад доступу да заходніх прадуктаў, але і ў нейкай ступені пазбавілі іх магчымасці атрымліваць адукацыю і ўдзельнічаць у культурным абмене. Многія расейцы, якія думаюць крытычна і якія жадаюць пакінуць краіну, не ў стане гэтага зрабіць.

«Універсітэты Эстоніі павінны працягваць прымаць студэнтаў з Расеі і Беларусі», – лічыць эстонскае выданне Eesti Päevaleht.

«Многія эстонцы да гэтага часу памятаюць, наколькі важнымі былі кантакты са свабодным светам у эпоху савецкай акупацыі. Яны давалі надзею і супрацьдзейнічалі саветызацыі. Эстонскія ўніверсітэты павінны прымяняць індывідуальны падыход. Ёсць маладыя расейцы, якія павінны мець магчымасць пакінуць радзіму, якая ўсё больш нагадвае Паўночную Карэю, а ёсць прыстасаванцы, якія проста жадаюць пазбегнуць вайсковай службы, з’ехаўшы за мяжу. Але ёсць і тыя, каго расейскія спецслужбы засылаюць з мэтай шпіянажу. Эстонія павінна імкнуцца заставацца жаданым свабодным светам для расейцаў і беларусаў, наколькі гэта дазваляюць меркаванні бяспекі», – піша эстонскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Array