Падача электраэнергіі на Чарнобыльскую АЭС вядзецца з тэрыторыі Беларусі?
Як удакладняе Мінэнерга Беларусі, пад напружанне пастаўленая высакавольтная лінія электраперадачы, якая злучае падстанцыю 330 кВ „Мазыр” і электрасеткавыя аб’екты Чарнобыльскай АЭС. У сваю чаргу „Укрэнерга” заяўляе, што ўкраінскія энергетыкі адмовіліся ад дапамогі Беларусі. Усе паведамленні пра сілкаванне ЧАЭС з Беларусі „Укрэнерга” называе „правакацыяй, накіраванай на абвастрэнне сітуацыі”.
Чарнобыльская АЭС з першых дзён вайны знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. 9 сакавіка стала вядома, што станцыя цалкам абясточаная ў выніку абстрэлу, учыненага расейцамі.