Алесь Астроўскі: Украінцы, на жаль, дагэтуль не разумеюць, хто ў Беларусі злачынца



Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з ведамым публіцыстам, рэдактарам сайту «Беларусь. Наша зямля» Алесем Астроўскім.

РР: Спадар Алесь, украінцы апынуліся сам насам з расейскім агрэсарам. Апрача гарачай фазы, відавочнай нам, мы бачым і чуем, што разгарэлася медыйная вайна, вайна прапаганды і светаглядаў. Куды ўцягнулі і беларускіх карыстальнікаў сацсетак і медый.

Алесь Астроўскі: Як беларусы мы сутыкнуліся з дзвюмя зʼявамі, якія маюць стратэгічнае значанне для нашай гісторыі. Мы, як нармальныя беларускія патрыёты, як нармальныя беларускія дэмакраты, гаворым, што мы канешне на баку ўкраінскага народу, які змагаецца з расейскай імперскай навалай, фашыстоўскай, нацысцкай па сваёй сутнасці. І мы ўсёй душой і ўсімі магчымасцямі, якія рэальна, на жаль, у нас абмежаваныя, за перамогу ўкраінскага народу над гэтай злачыннай, імперскай, нацысцкай навалай… Нават беларускія вайскоўцы катэгарычна не жадаюць удзельнічаць у гэтай вайне, а тым больш на баку раасейскіх імперскіх агрэсараў. Вось гэтая інфармацыя ў гісторыі застанецца. Але чамусці СМІ, нават украінскіх, гэты феномен, гэтую стратэгічную зʼяву адлюстроўваюць зусім недастаткова.

А другая зʼява, якая і для мяне сталася нечаканай, якую раскрыла тая суперкрызісная сітуацыя, у якой апынулася ўкраінскае грамадства, з украінскай інфармацыйнай прасторы, праз фэйсбукі, праз розныя акцыі, праз СМІ ўкраінскія мы, беларусы, раптам чуем на свой адрас праклёны, абразы, пагрозы. Больш таго, ёсць звесткі, што ў Еўропе ўкраінскія дальнабойнікі нападаюць і збіваюць беларускіх дальнабойнікаў, калі высвятляецца, што тыя беларусы… У цывілізаванай Еўропе пачалася дыскрымінацыя беларусаў… Украінцы да гэтага часу не могуць усвядоміць, хто зʼяўляецца галоўным злачынцам у беларускай дзяржаве, тым злачынцам, з-за дзейнасці якога з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты, ідуць танкі, падкрэсліваю, РАСЕЙСКІЯ ракеты і танкі.

РР:  Ці гэта значыць, што тут не спрацоўваюць рэшткі незалежных СМІ,  якія даюць падставы ўкраінскім медыя так лёгка кідацца словамі пра беларускую небяспеку?

Алесь Астроўкі: Тут значэнне ўкраінскіх СМІ, якія падобным чынам падаюць інфармацыю, правакуючы анамальна ўзбуджаную ментальнасць украінскага народа. Мяне здзівіў зыходны фон. Што аказваецца, украінцы да гэтага часу не разумеюць, хто ў Беларусі злачынца, а хто ахвяра гэтага злачынцы.

Даражэнькія ўкраінцы падставілі беларусаў, іх зямлю, паветраную прастору з-за таго, што на вашую тэрыторыю з нашай тэрыторыі і паветранай прасторы ідуць расейскія танкі і калоны і ляцяць самалёты. Ніводнага беларуса, які прымаў бы падобнага рашэння нідзе няма! Загады ідуць ад прамаскоўскага, прарасейскага кіраўніцтва Беларусі, навязанага беларускаму народу ў 1994 годзе. І гэта ёсць злачынца. Вось уявіце, напрыклад, у вас дачка. На яе напаў нейкі гвалтаўнік. Адбываецца суд, і ў выніку гэтага суда асуджаюць не гвалтаўніка, а асуджаюць вашую дачку.

Што з’яўляецца зыходным фонам? У Беларусі гэтая сітуацыя трывае з 1994 года. У нас 28 гадоў існуе прарасейскі этнацыдны рэжым, які накіраваны на ўсялякую дыскрымінацыю беларускага народа. На вынішчэнне беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай свядомасці. Уся інфармацыйная прастора запоўнена расейскай інфармацыяй. Мы жывем у гэтай сітуацыі 28 гадоў. Нашыя прадстаўнікі прыязджалі ва Украіну, звярталіся аб дапамозе. Гэта тое самае, што нам прад’яўляць нейкія прэтэнзіі, што мы не скінулі рэжым Лукашэнкі, як вязням Асвенцыма ці Бухенвальда, што яны не перабілі нацыстаў і не пайшлі захопліваць Берлін. Гэта абсалютна дзіцячыя ўяўленні аб рэчаіснасці!

Скажыце, калі ласка, хто з вас, украінцы, нам дапамог? А зараз аказваецца, што калі з нашай зямлі ляцяць расейскія самалёты, ідуць расейскія танкавыя калоны, мы вінаватыя. Не, паважаныя, у нас не было магчымасцяў. Мы супраціўляліся, мы выходзілі на вуліцы ў 1996 годзе, у 2001 годзе, 2006, 2010 – у адказ былі масавыя рэпрэсіі.

Мы рабілі ўсё што маглі ва ўмовах гэтага расейскага канцлагера.

Беларусы заўсёды перажывалі за ўкраінцаў. Беларусы дзейнічалі ва ўсіх Майданах, загінулыя беларусы ёсць у “Нябеснай сотні”, беларусы гінулі на франтах, беларус Міхалок стварыў гімн Майдана “Воіны света, воіны дабра”. Сёння ва Украіне ваюе беларуская рота.

Няма ніводнага іншага народа, які ў большай ступені ахвяраваўся б за Украіну, падстаўляўся за ўкраінцаў, ваяваў за Украіну!

Цалком размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Array