Агляд прэсы: цана перамогі



Ваенныя поспехі Украіны прымушаюць Беларусь перагледзець ролю ў вайне Пуціна. Украіна: праз прамыя перамовы да міру? Чым вайна абернецца для Расеі? Аўтаномія для Корсікі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Жорсткае супраціўленне Украіны расейскаму ўварванню лезе ў галовы беларускіх салдат, афіцэраў і чыноўнікаў. З таго моманту, як 24 лютага Расея пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, аналітыкі ўпарта разважалі пра тое, калі і ці далучацца да наступу беларускія сілы. Але апошнім часам з’явіліся паведамленні, што і радавыя салдаты, і вышэйшыя афіцэры ў Беларусі не жадаюць перасякаць ўкраінскую мяжу», – паведамляе амерыканскае выданне Atlantic Council.

«Такога адпору расейцам ніхто не чакаў. Дзеянні ўкраінскай арміі, сіл тэрытарыяльнай абароны і насельніцтва перасягнулі ўсе чаканні. Беларуская армія ніколі нідзе не ваявала, армія не падрыхтавана да знешніх канфліктаў. Дый Лукашэнка далёка не дурань. Ён разумее, што існуе вялікая рызыка таго, што беларуская армія не атрымае поспеху, што яна панясе вялікія страты, і тады яго апошнія прыхільнікі цалкам могуць адвярнуцца ад яго, і гэта будзе катастрофай для беларускага дыктатара», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Гэта ўзгадняецца з нядаўнім канфідэнцыйным неапублікаваным дакладам Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, у якім сцвярджалася, што з-за моцнага супраціву Украіны і дрэннай працы расейскіх узброеных сіл «пазіцыя Менску ў расейска-ўкраінскай вайне хутка развівалася ад безумоўнай падтрымкі дзеянняў Масквы да спробаў максімальна дыстанцыявацца ад дзеянняў Расеі ва Украіне».

«Зменены разлік беларускага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва – яшчэ адзін прыклад непрыкметных наступстваў супраціўлення Украіны расейскай агрэсіі ў стылі Давіда і Галіяфа. Выступ Украіны на полі бітвы аб’яднаў альянс NАТО і зрушыў арыенціры адносна маштабу і аб’ёму падтрымкі Украіны з боку Захаду і санкцый супраць Расеі. Гэта дало Кітаю паўзу і выклікала заклапочанасць адносна таго, наколькі ён павінен падтрымліваць Маскву. І цяпер яна прымушае адзінага саюзніка Пуціна, Беларусь, пераасэнсаваць сваю падтрымку вайны Уладзіміра Пуціна. І гэта можа апынуцца смяротным звонам для аўтакратаў восі Пуцін-Лукашэнка», – рэзюмуе амерыканскае выданне.

Паводле паведамлення расейскага дзяржаўнага інфармагенцтва РІА Новости , перагаворшчыкі з Украіны і Расеі, па ўсёй бачнасці, рыхтуюць прамыя перамовы паміж Зяленскім і Пуціным. Па дадзеных выдання Financial Times, ідзе абмеркаванне плана з 15 пунктаў. Галоўныя пытанні – патрабаванне Расеі аб нейтралітэце Украіны і неразмяшчэнні на яе тэрыторыі заходніх ваенных баз і ўзбраенняў, а таксама патрабаванне Украіны аб вывадзе расейскіх войскаў. Еўрапейская прэса абмяркоўвае шансы на поспех.

«Калі перамовы пацерпяць крах, Еўропе пагражае доўгі перыяд нестабільнасці ў плане палітыкі бяспекі», – такое меркаванне падае партугальская газета Expresso.

«Без мірнай дамовы не бачна магчымасці нармалізацыі адносін паміж Расеяй і ліберальнымі дэмакратыямі, а таксама краінамі NАТО: ані ў каротка-, ані ў сярэднетэрміновай перспектыве. Становішча спраў, магчыма, куды больш сур’ёзнае, чым у часы халоднай вайны, і яно будзе заставацца такім, пакуль у Расеі не адбудзецца змена рэжыму. Я мяркую, што ў бліжэйшыя гады нам у Еўропе трэба жыць у лепшым выпадку як на вастрыні нажа. Зразумела, вастрэй за ўсё гэта будзе адчувацца ў дзяржавах Усходняй і Паўночнай Еўропы, а таксама ў Прыбалтыцы, у краінах, якія ведаюць, што ў любы момант могуць стаць полем бою», – адзначае партугальскае выданне.

У чацвер міністэрства фінансаў РФ заявіла аб тым, што працэнты на суму 117 мільёнаў даляраў па аблігацыях былі выплачаныя. Да апошняга было незразумела, ці зможа Масква выканаць дамоўныя абавязанні на фоне санкцый. Аглядальнікі разважаюць аб верагоднасці дэфолту Расейскай Федэрацыі, і аб тым, што ж змацоўвае краіну. Італьянская газета La Repubblica лічыць, што Расея яшчэ далёкая ад банкруцтва.

«У такой паўдзяржаўнай эканоміцы, як расейская, нішто не перашкаджае ўраду выкарыстоўваць кампаніі-экспарцёры, якія зарабляюць валюту, у якасці «рэзервовага цэнтральнага банка» для размеркавання сродкаў ураду, банкам і кампаніям-імпарцёрам. І на самой справе, урад ужо (задняй датай!) запатрабаваў ад усіх суб’ектаў, якія атрымліваюць даляры, канвертаваць 80 адсоткаў у рублі. Гэтая стратэгія можа ўвянчацца поспехам, паколькі штогадовыя даходы ад продажу нафты і газу ў цяперашні час у стане пакрыць траціну бюджэту Расеі і ваенныя выдаткі на працягу двух гадоў, а гэта, верагодна, адзінае, што хвалюе Пуціна на дадзены момант», – лічыць італьянскае выданне.

Пасля шматдзённых гвалтоўных пратэстаў, якія праходзяць на Корсіцы, міністр унутраных спраў Францыі Дарманэн заявіў аб тым, што востраву можа быць прадастаўлена аўтаномія. Падставай для пачатку хваляванняў паслужыў напад, здзейснены ў пачатку сакавіка ў турме горада Арль на вядомага карсіканскага нацыяналіста Івана Калону. З таго часу Калона знаходзіцца ў коме. Французская прэса пакуль не адважваецца праводзіць паралель з Расеяй і посткаланіяльнай Украінай, але разважае аб быццам «промахах» французскай палітыкі ў дачыненні да Корсікі.

«Сітуацыя з Корсікай агаляе ўсе перакосы і недапрацоўкі, якія назапасіліся за многія дзесяцігоддзі», – каментуе французская газета Le Figaro.

«Вінаватыя тэхнакраты, якія не ў стане распазнаць глыбока ўкаранелую сувязі і прыхільнасці, якія тут, на востраве прыгажосці, трывалі даўжэй, чым дзе б там ні было ў краіне. Адзначым практычна непрыхаваную пагарду да ўсіх рэгіёнаў, размешчаных крыху далей Парыжа, а таксама ігнараванне гісторыі, якая паказвае, што Корсіка заўсёды ганарыцца сваёй прыналежнасцю да краіны, калі сама Францыя моцная. І, урэшце, абуральная легкадумнасць, з якой паміж перадвыбарнымі абяцаннямі на бягу гаворыцца пра змены, якія мелі б тэктанічнае значэнне ў плане тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Калі Корсіка раптам сыдзе ў вольнае плаванне, то здарыцца гэта толькі тады і ў тым выпадку, калі Францыя сама пачне распадацца», – прагназуе французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

Array