У Беларусі працягвае чыніцца смяротнае пакаранне
Графа «прычына смерці» — пустая. Праваабаронцы „Вясны” атрымалі дакументальнае пацверджанне расстрэлу Віктара Паўлава.

Паводле пасведчання аб смерці расстрэл адбыўся 13 траўня 2021 года. У пасведчанні, выпісаным на імя Віктара Паўлава, месцам смерці пазначана — Менск.
Летась у чэрвені сястра Паўлава распавяла, што ад брата паўтары месяцы не было лістоў. Пазней ёй адмовілі ў прызначэнні спаткання, а таксама не далі інфармацыі пра стан брата, а адвакатцы мужчыны паведамілі, што Віктара ў СІЗА няма. Яна меркавала, што ўсе гэтыя факты сведчаць пра тое, што яе брата расстралялі, але афіцыйных дакументаў аб прывядзенні ў выкананне прысуду сям’я Віктара на той момант не атрымлівала.
Нагадаем, што Віктар Паўлаў быў прызнаны вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак на Віцебшчыне. Яго прысудзілі да смяротнага пакарання напрыканцы ліпеня 2019 года.
Беларускае Радыё Рацыя