Дзень Волі ў Маямі: Салідарнасць з Украінай
Святкаванне Дня Волі ў Маямі, Фларыда, cёлета шчыльна звязана з падзеямі ва Украіне.

Сябры аддзелу БАЗА Паўднёвай Фларыды паднялі ўкраінскія і беларускія сцягі, каб нагадаць, што праблема Украіны неаддзельная ад праблемы Беларусі.
„Пакуты ўкраінскага і беларускага народаў маюць агульны корань у Крамлі”, – кажа Сакратар аддзелу Паліна Прысмакова.”Гэта няспынная пуцінская прага панавання не толькі над прыгнечанымі народамі ў самой Расейскай Федэрацыі, але і суседніх краінах: Беларусі, Грузіі, Казахстане, а цяпер і Украіне.”
Урачыстая цырымонія пачалася гімнам БНР і адразу ж хвілінай маўчання па ўсіх загінулых ад пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў. Пасля відэазвароту Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы і прамоў сябра Галоўнай Управы БАЗА Вячаслава Бортніка ды Старшыні Аддзелу Аляксандры Пушкаровай, слова далі Карыне Маясеевай, жанчыне з актыву ўкраінскай дыяспары Фларыды. „Гэта яна і яе каманда арганізуе ралі на сотні чалавек на вуліцах Маямі, і прадае ўкраінскі мерч на карысць пацярпелым”, – адзначыла Старшыня Аляксандра Пушкарова.
Сябры аддзелу і госці паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні „Якая яна вольная Беларусь?”. Галоўнымі вартасцямі былі высунутыя роўнасць, права выбару, адказнасць за свой выбар і свабода слова. Вольга Вазякова правяла беларускія танцы, якія прывезла з сабою наўпрост з Плошчы Перамен. Найбольш кранальным момантам быў выступ яе дачкі, дзяўчынкі Златы, якая распавяла пра свае дзіцячыя ўражанні пратэстаў 2020 году, у якіх разам cа сваякамі ўдзельнічала асабіста: „Калі я бачыла, што ідзе міліцыя, я адразу ж аддавала незнаёмым на вуліцы свае белыя і чырвоныя шарыкі. Кожны раз.”
Наступнага дня актыў і сябры аддзелу наведалі дабрачынны канцэрт на збор сродкаў для Украіны, арганізаваны ўкраінскай дыяспарай пры ўдзеле сяброў БАЗА Паўднёвай Фларыды. Сярод іншага, сябра аддзелу Віталь Самсонаў быў адным з вядучых канцэрту, а сяброўка аддзелу Караліна Гіменэз заспявала „Купалінку”.
Падчас канцэрту украінцы са сцэны падзякавалі Аддзелу БАЗА Паўднёвай Фларыды за аказаную пільную дапамогу ў тэхнічнай арганізацыі першых украінскіх ралі ў Маямі.














