Партугалія згуляе з Паўночнай Македоніяй



Зборная Партугаліі, якая абыграла Турцыю 3:1, сустрэнецца з Паўночнай Македоніяй, якая святкавала сенсацыйную перамогу над Італіяй 1:0. Зборная Валіі выбіла Аўстрыю (2:1) і сустрэнецца з пераможцам матчу Шатландыя – Украіна, які быў перанесены на чэрвень. Зборная Швецыі выйшла ў фінал стыкавых матчаў кваліфікацыі чэмпіянату свету-2022. У паўфінале скандынавы ў дадатковы час перайгралі чэхаў – 1:0. За пуцёўку на мундыяль шведы паспрачаюцца са зборнай Польшчы, якая ў дабрачынным матчы згуляла з камандай Швецыі 1:1.

Беларус Артур Карвацкі перайшоў у клуб другой бундэслігі „Дармаген”

Беларус Артур Карвацкі перайшоў у клуб другой бундэслігі „Дармаген”. 26-гадовы гандбаліст падпісаў кантракт, паводле якога зможа правесці не больш за восем гульняў. Пры гэтым у клуба будзе магчымасць выкарыстоўваць Карвацкага ў другой камандзе, паведамляе „БЦ” са спасылкай на handball-dormagen.de. Карвацкі ў гэтым сезоне выступаў за стаўрапольскі „Віктар” і „Данскіх Казакоў”-ЮФУ. Таксама ён вядомы па гульні за СКА, „Балатонфюрэд”, „Заграб”, „Алімпіякас” і „Базель”.

Украінец Андрэй Якімаў пакінуў склад „Нёмана”

Украінскі хаўбек Андрэй Якімаў (1997) пакінуў стан гарадзенскага „Нёмана”. Футбаліст паспеў заключыць кантракт з „зялёна-жоўтымі”, аднак пасля пагадненне было скасавана, паведамляе football.by. У кар’еры Якіміва значацца ўкраінскія „Сталь”, „Дзясна” і „Чарнаморец”. У першым матчы за „Сталь” забіў гол у браму „Зары”, які быў прызнаны найлепшым у першым туры чэмпіянату Украіны. У сезоне-2019/20 хаўбек выступаў у наймацнейшым венгерскім дывізіёне за „Ракацы” (Капашвар). Апошнім клубам Андрэя быў клуб украінскай Прэм’ер-Лігі „Інгулец”, за які футбаліст не згуляў ніводнай сустрэчы ў цяперашнім чэмпіянаце. На яго рахунку толькі 90 хвілін у складзе „Інгульца” ў 1/16 фіналу Кубка Украіны ў матчы супраць „Дзясны” (2:1).

Антон Сарока блізкі да пераходу ў дзяржынскі „Арсенал”

Беларускі форвард Антон Сарока блізкі да пераходу ў дзяржынскі „Арсенал”. Пасля заканчэння мінулага сезона Сарока расстаўся з „Нёманам”. Затым ён заключыў кантракт з леташнім серадняком прэм’ер-лігі Казахстана „Акжайыкам”, аднак дзеянне гэтай дамовы неўзабаве было анулявана. Цяпер футбаліст блізкі да таго, каб папоўніць шэрагі дэбютанта вышэйшай лігі. За матчам 1-га тура з удзелам „Арсенала” і „Гомеля” (1:2) ён назіраў з трыбун, паведамляе Football.by.

Аляксандра Сасновіч абыграла Дар’ю Касаткіну

Беларуска Аляксандра Сасновіч (60 ВТА) выйшла ў трэці круг турніру ВТА-1000 у Маямі. У матчы другога раунда яна ў двух сэтах абыграла расіянку Дар’ю Касаткіну (29) — 7:6, 6:4. Наступнай суперніцай Сасновіч стане мацнейшая тэнісістка з пары Арына Сабаленка (5) — Ірына Бегу (70).

Беларускае Радыё Рацыя