Траіх былых вучняў у Чачэрску асудзілі за налепкі



У Чачэрску пасля скаргі дырэктаркі школы асудзілі траіх былых вучняў. Іх абвінавацілі ў тым, што яны наклеілі некалькі налепак на слупы.

Вадзім Дзенісенка атрымаў 2 з паловай гады калоніі агульнага рэжыму, Мікіта Хількевіч і Рыта Зотава — па 2 гады калёніі агульнага рэжыму. У прысудзе зазначана, што на налепках былі выразы «Усе на народны сход», «Рыхтуйцеся да сходу», «Жыхары іншых гарадоў — падцягваецеся ў сталіцу», «Салідарнасць — наша зброя», «Улада паказала зубы — час іх выбіць».

Адну з налепак убачыў вартаўнік школы, сказаў дырэктарцы Вользе Цалко, а тая выклікала міліцыю.

Маладых людзей затрымалі ў чэрвені 2021 году. Пасля трох дзён у ізалятары іх адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Час ад часу іх выклікалі на допыты.

28 снежня 2021 году следчы вырашыў арыштаваць усіх траіх да суду.