Bazinato: Беларускія мастакі не засталіся ў баку
Вядомы беларускі мастак стрыт-арта Bazinato ўзяў удзел у вялікай калектыўнай выставе «Калі сонца нізка — цені доўгія», якая адкрылася ў беластоцкай галерэі «Арсенал».

Bazinato распавёў пра тое, як беларуская рэвалюцыя паўплывала на творчасць беларускіх мастакоў.
– Шмат мастакоў працуюць з гэтай тэмай. І нават на нашай гэтай выставе прысутнічае шмат адсылак на гэтыя падзеі, якія адбываліся ў 2020 годзе, у 2021 годзе. Бо гэта ўсіх кранае. Бо, калі мастак і з’язджае за мяжу, у яго застаюцца сваякі, блізкія людзі, якія жывуць у Беларусі. Канешне, гэта ўплывае на яго творчасць. Вайна, якая зараз ідзе ва Украіне, яна таксама ўплывае.

Сёння беларускім мастакам не проста выказваць свае перакананні і пратэст. Галерэі для гэтага зачынены. Таму некаторыя мастакі выйшлі на вуліцу, – кажа Bazinato.
– Але ёсць магчымасць для мастакоў, якія працуюць з публічнай прасторай, гэта стрыт-арт мастакі, якія выходзяць на вуліцы, робяць нейкія муралы, нейкія налепкі, перформансы. Гэтага было шмат у 2020 годзе, таму што амаль кожны беларус стаў стрытартыстам, выказваў сваё нейкае слова праз вуліцу, праз тыя падзеі, якія адбываліся, праз публічны пратэст, які адбываўся на вуліцах усіх беларускіх гарадоў, маленькіх, вялікіх, вёсачак, і гэта мы ўсё бачылі.
У Менску Bazinato вядомы як аўтар муралаў, якія ўпрыгожваюць Кастрычніцкую вуліцу. Некалькі гадоў прысвяціў творчасці ў сферы экалогіі, перформансу і візуальных практык. Мастак таксама не цураецца сацыяльнай тэматыкі.

Беларускае Радыё Рацыя