Аляксандра Герасіменя: Ёсць дзве групы праўладных спартоўцаў
Кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя падзялілася меркаваннем, чаму ёсць спартоўцы, якія застаюцца вернымі ўладзе, нягледзячы на ўсё, што яна робіць.
«На мой погляд, ёсць дзве групы праўладных спартоўцаў. Першая – гэта проста не вельмі разумныя спартоўцы, якія імкнуцца не звяртаць увагі на тое, што адбываецца ў краіне, абстрагуюцца ад палітычных тэм і мала гэтым цікавяцца. Другая катэгорыя спартоўцаў, на жаль, нашмат горшая. Бо гэта людзі, якія вельмі добра ведаюць, што адбываецца, але ігнаруюць гэта. Ігнаруюць па розных прычынах: сацыяльныя і жыллёвыя льготы, высокія заробкі, пасады. Яны ігнаруюць тое, што адбываецца ў краіне дзеля ўласнай выгады.
Пасля вайны з аднаго боку будуць тыя, хто дапамагаў Украіне, а з другога – тыя, хто ёй не дапамагаў. Тое самае адбудзецца і з чалавечымі, і з міжнароднымі адносінамі. Украіна стане сімвалам перамогі дэмакратыі над рэжымам. Я спадзяюся, што гэта таксама прынясе новы погляд на спорт, таму што ёсць федэрацыі, у якіх ні пра якую дэмакратыю не можа быць і гаворкі.
Калі справа даходзіць да спорту і палітыкі, альбо гэтая палітыка з часам поўнасцю знікне са спорту, альбо ўсе гэтыя спартовыя спаборніцтвы будуць пазбаўлены якіх-небудзь спартовых прынцыпаў, такіх як сумленная гульня. Для гэтага імі будуць маніпуляваць. Калі мы глядзім на гэтыя вялікія міжнародныя арганізацыі, у мяне ствараецца ўражанне, што іх самая вялікая праблема заключаецца ў тым, што яны не прытрымліваюцца сваіх уласных правілаў і палажэнняў. Мы можам бачыць гэта зараз, але мы бачылі гэта раней. Многія галасуюць так, як ім трэба. Яны гатовы заплюшчыць вочы на жудасныя справы, абы бачылі выгаду для сябе. Я цвёрда веру, што і тут будзе рэвалюцыя.
Свет спорту занадта бюракратычны. Часам тое, што павінна адбыцца хутка, займае тыдні. Так было, напрыклад, са спробай перанесці хакейны чэмпіянат з Беларусі. Нас часта падтрымлівалі вельмі высокапастаўленыя людзі ў спорце, але гэта была неафіцыйная падтрымка. У рэшце рэшт чэмпіянат быў перанесены, але гэта была доўгая праца цэлай групы людзей, у тым ліку і беларускай дыяспары», – сказала Герасіменя.