У Менгарвыканкам падалі заяўку на Чарнобыльскі Шлях



Партыя „Зялёныя” падала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне традыцыйнай акцыі Чарнобыльскі Шлях. Як паведамляе прэс-служба партыі, асноўным лозунгам сёлетняга Чарнобыльскага Шляху будзе „Не — вайне!”.

Арганізатары плануюць вылучыць патрабаванні не дапусціць удзелу беларускіх вайскоўцаў ва ўзброеных канфліктах, захаваць нейтральны статус краіны, вывесці войскі з тэрыторыі Беларусі.

Таксама яны плануюць выказаць салідарнасць з украінскім народам і заклікаць да недапушчэння паўтору Чарнобыльскай катастрофы.

Месцам правядзення акцыі сёлета быў абраны Востраў слёз каля Траецкага прадмесця сталіцы.

„Калі дазвол з Мінгарвыканкама атрыманы не будзе, то акцыя праводзіцца не будзе: мы цэнім бяспеку грамадзян”, — дадаюць у партыі „Зялёныя”.

Папярэднія два гады Чарнобыльскі Шлях не праводзіўся: спярша яму перашкодзіла пандэмія кавіду, а потым рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.