Каталікі святкуюць Пальмавую нядзелю
Сёння каталікі святкуюць Уваход Гасподні ў Іерусалім, або Пальмавую нядзелю.

У апошнюю нядзелю Вялікага посту, за тыдзень да Вялікадня, вернікі хрысціяне святкуюць урачысты ўваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім напярэдадні сваіх хросных пакут. Царква трактуе гэтую падзею як самаахвяраванне Сына Божага ў імя адкуплення грахоў свету, а таксама як выкананне наканаванага прароцтва аб царскім служэнні Хрыста.
У гэты дзень больш двух тысяч гадоў таму назад іўдзеі, якія прыйшлі на свята Вялікадня, сустрэлі Ісуса як месію, прарока і вялікага цудатворца. Дарослыя і дзеці спявалі і радаваліся, высцілалі дарогу пальмавымі галінкамі, усклікаючы: „Асанна Сыну Давідаваму!” Галіны палестынскай пальмы, якія сімвалізуюць вялікую радасць, цяпер замяніла вярба, адсюль і назва — Вербная нядзеля.
У гэты дзень вернікі стаяць на набажэнстве з асвячонымі ў храме галінкамі вярбы, сустракаючы Хрыста. Перад пачаткам службы традыцыйна праводзіцца шэсце вакол храма або ў самім храме. Падчас шэсця спяваюцца святочныя антыфоны і гімн Хрысту-Цару. Працэсія сімвалічна ўяўляе сабой людзей, якія выйшлі насустрач Збавіцелю падчас Уваходу Гасподняга ў Іерусалім.