Агляд прэсы: праверка трываласці
Лукашэнка сцвярджае, што яго войскі правялі ўласную «спецыяльную аперацыю» ва Украіне. NATO пачынае «перазагрузку». Брытанскі міністр па справах бежанцаў прызнаў, што краіна была не гатова да ўкраінцаў. Клінтан і Расея. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Прэзідэнт Беларусі заявіў, што яго войскі фактычна правялі ва Украіне «спецааперацыю». Пры гэтым Захад доўгі час звязваў дыктатара Аляксандра Лукашэнку з Расеяй Уладзіміра Пуціна. І сапраўды, 24 лютага Крэмль пачаў атаку на Украіну праз Беларусь. Нягледзячы на гэта, Лукашэнка неаднаразова адмаўляўся ад таго, што яго разглядаюць як «саўдзельніка агрэсара» ў канфлікце», – піша брытанскае выданне Metro.co.
«Але цяпер Лукашэнка паведаміў свету, што Беларусь адправіла ва Украіну сваіх салдат, нібыта для вызвалення нібыта захопленых там кіроўцаў. Лукашэнка запэўніў, што такая спецаперацыя выканана, усе людзі вызвалены. І пры гэты працягвае крытыкаваць Захад за тое, што ён аб’яднаў яго з Пуціным», – падкрэслівае брытанскае выданне.
***
«Паўночнаатлантычны альянс для адаптацыі да «новай рэальнасці», якая ўзнікла пасля пачатку вайны Расеі на Украіне, ініцыюе «перазагрузку», разгарнуўшы маштабныя сілы пастаяннага базавання на ўсходніх рубяжах», – заявіў у інтэрв’ю The Daily Telegraph генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг. Як падкрэсліў чыноўнік, альянс ужо нарасціў колькасць войскаў ва ўсходніх краінах амаль на парадак, але цяпер збіраецца сфарміраваць там групоўку, здольную адбіць «расейскую агрэсію».
«Спадар Столтэнберг адзначыў, што ва ўсходнім рэгіёне NATO на дадзены момант ужо размешчаны 40 тыс. вайскоўцаў пад прамым камандаваннем альянсу – гэта значыць амаль на парадак больш, чым было за некалькі месяцаў да пачатку вайны», – піша брытанскае выданне. Разам з тым чыноўнік падкрэсліў: «Тое, што мы зараз назіраем, – гэта новая рэальнасць, новая норма для еўрапейскай бяспекі. Таму мы цяпер звярнуліся да нашых военачальнікаў з просьбай прапрацаваць варыянты так званай перазагрузкі – падладкі NATO да новых умоў у доўгатэрміновай перспектыве. Чакаю, што адпаведныя рашэнні лідары краін альянсу прымуць на саміце NATO , які пройдзе ў Мадрыдзе ў чэрвені».
***
“Вялікабрытанія была не гатовая да такой колькасці бежанцаў з Украіны, таму апрацоўка запытаў і размяшчэнне тых, хто мае патрэбу, займае больш часу. Так заявіў міністр Вялікабрытаніі па справах бежанцаў Рычард Харынгтан, адзначыў, што сістэма раней працавала і паабяцаў прыняць меры”, – піша брытанская газета The Independent.
«Так, нядаўна органы моцна скарацілі форму падачы заяўкі. І, раней у прынцыпе гэта сістэма добра працавала, інакш брытанцы не змаглі б выдаць больш за 8 тыс. віз. Таксама ў Вялікабрытаніі запусцілі сістэму, у якой украінскія бежанцы могуць сустрэцца з тымі, хто гатовы ім дапамагчы. Пры гэтым эксперты выказваюць асцярогі, як бы такія схемы не сталі „тындэрам для гандляроў людзьмі», – піша The Independent.
***
«Пасля завяршэння халоднай вайны Вашынгтон зрабіў усё, каб дапамагчы Расеі стаць квітнеючай дэмакратычнай дзяржавай. «Крах дэмакратыі» ў Расеі і яе разварот да «імперыялізму» і «рэваншызму» справакавала зусім не пашырэнне альянсу: такі курс Крэмль абраў сам, а ўздужэлы альянс — адзінае, што ўтрымлівае яго ад яшчэ больш агрэсіўнай палітыкі», – піша экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан у сваім артыкуле для амерыканскага часопісу The Atlantic.
На думку экс-прэзідэнта, вайна Расеі ва Украіне зусім не кідае цені сумневу на мэтазгоднасць палітыкі пашырэння NATO , а наадварот, толькі пацвярджае яе неабходнасць. Як мяркуе Клінтан, Уладзіміра Пуціна падштурхнула да актыўных дзеянняў не перспектыва ўступлення Украіны ў альянс у бліжэйшы час, а «зрух краіны ў бок дэмакратыі» , які паставіў пад пагрозу яго ўладу ў Расеі, а калі б у NATO не прынялі Прыбалтыку і ўсходнееўрапейскія краіны, то Масква зараз бы пагражала ім.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array