На Гомельшчыне затрымалі сем чалавек за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі



Паводле паведамлення Следчага камітэту, у Гомельскай вобласці заведзена сем крымінальных справаў за перадачу «экстрэмісцкім» тэлеграм-каналам звестак аб перамяшчэнні ў Беларусі вайсковай тэхнікі Расейскай Федэрацыі. Супраць іх пачатыя крымінальныя справы паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэксу — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасьці, па якім затрыманым пагражае да шасці гадоў зняволення.

Паводле інфармацыі «Вясны», дыджытал-мастак Віктар Кулінка быў затрыманы 30 сакавіка. Сцвярджаецца, што Кулінка даслаў фота калоны вайсковай тэхнікі ў бот тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», які 16 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. У Следчым камітэце паведамілі, што абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці прад’яўленае 28-гадовай маці непаўналетняга дзіцяці з Мазыру. Паводле версіі абвінавачання, яна «зняла відэа з перамяшчэннем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу». Цяпер жанчына знаходзіцца ў следчым ізалятары Гомеля.