Леанід Спаткай: Зараз „пальцы” збіраюцца ў „кулак”



Развіццё сітуацыі на франтах паміж Расеяй і Украінай абмяркавалі з „Госцем Рацыі”, ваенным экспертам, палкоўнікам Леанідам Спаткаем:

– Калі на пачатку гэтых баявых дзеянняў фактычна „растапыранымі пальцамі”, „растапыранай пяцярнёй” удары наносіліся па розных накірунках, то зараз гэтыя „пальцы” збіраюцца ў „кулак”. „Кулак” – гэта менавіта данецкі раён, то бок тэрыторыя Данецкай і Луганскай абласцей. Вельмі добра бачна на спадарожнікавых здымках, што ў напрамку да памежных з Украінай абласцей рухаюцца калоны вайсковай тэхнікі, якія займаюць некалькі кіламетраў. Я мяркую, што вось гэты ровень пагрозы – жоўты ровень, які ўведзены ў памежных з Украінай абласцях Расеі, ён якраз і разлічаны на тое, каб замаскіраваць вось гэтае перасоўванне тэхнікі ад тых грамадзян, якія робяць здымкі альбо відэа здымаюць на свае смартфоны, выкладаюць у розныя каналы.

Я зараз манітору шмат якія тэлеграм-каналы і расейскіх праўладных структур, розных вайсковых карэспандэнтаў, манітору ўкраінскія каналы таксама. То бок інфармацыя з розных крыніц, як кажуць метадам інтэрпаляцыі, яна дае больш-менш аб’ектыўную карціну. Вось гэта карціна дазваляе рабіць высновы, што збіраецца наступ, ён будзе накіраваны на тое, каб гэты выступ, ну калі мы на карты нейкія будзем глядзець, дарэчы на канале „Бусел”, з розных крыніц і дадзеных амерыканскай выведкі, брытанскай, польскай і гэтак далей, мапы гэтай сітуацыі ва Украіне выкладаюцца, таму вельмі добры матэрыял для аналізу сітуацыі.

Дык вось сыходзячы з гэтых мапаў удар будзе з двух накірункаў. Адзін, напрыклад, з напрамку Ізюму, а другі дзесьці з раёну Марыупалю. Каб замкнуць гэтую групоўку, якая як высунуты язык на ўсход Украіны, то бок зрабіць такі кацёл. Я думаю, што кіраўніцтва вайсковых сілаў Украіны гэта разумее, таму з вялікай верагоднасцю мяркую, што будзе адвод украінскіх войскаў дзесьці на лінію абароны на нейкім прыродным рубяжы. Калі меркаваць па інфармацыі ўкраінскіх каналаў, то там гэтыя прыфрантавыя гарады вельмі ўмацоўваюцца. То бок па сутнасці ствараюцца крэпасці, якія павінны вытрымаць удар гэтых расейскіх войскаў. Потым выматаўшы іх у абарончых баях, а з класікі вайсковай гэта як мінімум павінна быць больш у пяць разоў у таго, хто наступае, у адносінах да таго, хто абараняецца. У Расеі няма такой перавагі, таму яна канцэнтруе войскі менавіта на адным участку. Калі тут гэтыя войскі будуць перамеленыя ўкраінцамі ў абарончых баях, то не выключана, што не толькі тэрыторыя Украіны будзе вызваленая, але могуць зайсці і на тэрыторыю Расеі ўкраінскія войскі.

Таксама вельмі цяжкая сітуацыя застаецца ў Марыупалі, дзе 36-я брыгада марской пехоты абараняецца і полк „Азоў”. Яны зараз злучыліся, прарвалі там, былі акружаныя, частка 36-й брыгады выйшла з акружэння на тэрыторыю, якая кантралюецца войскамі Украіны, праўда з вялікімі стратамі прабіваліся яны праз расейскія парадкі, а частка войска злучылася з „Азовам”. Чытаеш такія вось меркаванні: „Навошта гэты Марыупаль? Ну ніякага ён сэнсу не мае”. Мае сэнс, бо фактычна на сённяшні дзень Марыупаль выконвае такую ролю, як падчас Вялікай Айчыннай вайны, як не дзіўна, выконваў Сталінград. Там сэнсу ў самым горадзе, у абароне гэтага гораду і вулічных баях не было абсалютна, але скоўвалася вялікая колькасць нямецкіх войскаў. Таксама зараз Марыупаль, які адцягвае на сябе значную частку расейскіх войскаў, якія пасля падзення гэтага Марыупалю, калі гэта не дай Бог здарыцца, яны могуць быць выкарыстаныя і яны будуць выкарыстаныя на іншых участках гэтага фронту.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

У размове з госцем Радыё Рацыя, ваенным экспертам, палкоўнікам у адстаўцы Леанідам Спаткаем мы абмеркавалі падзеі вайны паміж Расеяй і Украінай. А яны змяняюцца літаральна кожную гадзіну. З самых апошніх  – затапленне флагмана Чарнаморскага флоту крэйсера „Масква” пасля ўкраінскай ракетнай атакі. Гэта абмяжоўвае магчымасці Расеі на Чорным моры і паказвае – пасля 50 дзён вайны  супраціў Украіны не то што не зломлены, – ён узрастае!

Беларускае Радыё Рацыя

Array