Агляд прэсы: вайна – не апраўданне
Ці ўступіць Беларусь у вайну? ЗША павялічаць перадачу выведдадзеных Кіеву па Данбасе і Крыме. Чэхія задумалася пра ваенную базу ЗША. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Расея ўварвалася ва Украіну цалкам самастойна. Толькі нешматлікія аўтарытарныя дзяржавы (дыпламатычна) абаранялі вайну Уладзіміра Пуціна. Адной з іх была Беларусь, прэзідэнт якой Аляксандр Лукашэнка дазволіў расейскім войскам напасці на Украіну з беларускай тэрыторыі і правёў рэферэндум аб размяшчэнні расейскай ядзернай зброі на беларускай зямлі», – піша амерыканскае выданне Gzeromedia.
«Але Пуцін, здаецца, падштурхоўвае Беларусь да большага — магчыма, нават уступіць у вайну ў якасці баевіка, што паставіць Лукашэнку ў вельмі цяжкае становішча. Тут ёсць перадгісторыя. Васемнаццаць месяцаў таму апошняму дыктатару Еўропы пагражалі масавыя вулічныя пратэсты з-за яго фіктыўнага пераабрання. Калі Лукашэнка паклікаў Пуціна на дапамогу, расейскі лідар падзяліўся эканамічнай і (некаторай) ваеннай падтрымкай. Лукашэнка абавязаны Пуціну, які неўзабаве можа запатрабаваць удзячнасці. Але ці пагодзіцца беларускі прэзідэнт ваяваць ва Украіне? Уступленне Беларусі ў вайну можа быць апошнім крокам для Лукашэнкі. Ён ведае, што гэта будзе настолькі непапулярным сярод беларусаў, што можа выклікаць паўстанне і нават пераварот, каб адхіліць яго ад улады. Лукашэнка паставіў пад пагрозу імідж беларускага народа, падаючы тэрыторыю Беларусі як пляцоўку для расейскага ўварвання ва Украіну. Але Расеі не трэба анэксаваць Беларусь, таму што Лукашэнка ўжо прапануе тое, што хоча Пуцін: «марыянетачную дзяржаву, якую ён можа кантраляваць», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
***
«Амерыканскія ўлады маюць намер значна пашырыць аб’ём выведдадзеных, якія яны даюць ВСУ. Па словах чыноўнікаў, інфармацыя будзе тычыцца размяшчэння расейскіх войскаў у Данбасе і Крыме», – паведамляе амерыканскі часопіс The Wall Street Journal.
Па словах афіцыйных асоб, у рамках гэтай ініцыятывы офіс дырэктара Нацыянальнай выведкі Эўрыл Хэйнс распрацоўвае кіраўніцтва па абмене выведдадзенымі для амерыканскіх спецслужбаў. Паралельна Міністэрства абароны ЗША выпускае ўласны дакумент аб тым, як рэалізаваць гэтую інструкцыю для ваенных аператараў на практыцы.
«Новы пакет дапамогі таксама прадугледжвае перадачу ўкраінскай арміі дадатковага ўзбраення. Яно ўключае артылерыю, бронетранспарцёры і верталёты, якія павінны дапамагчы ВСУ «стрымаць маштабны расейскі наступ на ўсходзе краіны», – адзначае амерыканскае выданне.
***
Члены Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Чэхіі падчас агульнапартыйнага з’езда бурнымі апладысментамі віталі ідэю стварэння ў краіне ваеннай базы ЗША. Але ў гэтага праекта маюцца і супернікі. Як і варта было чакаць, у краіне разгарэлася разлютаваная ўнутрыпалітычная спрэчка.
«Чэхія магла б дапамагчы НАТО якім-небудзь іншым чынам», – адзначае чэшская газета Lidové noviny.
«Палякі, эстонцы, румыны і яшчэ дзесьці чатыры народы, якія непасрэдна мяжуюць з Расейскай імперыяй, моцна апярэджваюць нас у спісе тых, хто імкнецца забяспечыць прысутнасць найвялікшай у свеце ваеннай дзяржавы ў сябе дома. Для ЗША і НАТО стварэнне ваеннай базы ў Чэхіі сёння мае прыкладна такое ж значэнне, як калі б гаворка ішла аб стварэнні базы ў Швейцарыі, якая не ўваходзіць у блок НАТО. А гэта азначае, што мы ў першую чаргу павінны выканаць сваю хатнюю працу, а менавіта – вылучыць на абаронныя мэты не менш за два працэнты ВУП. Ну а акрамя таго, неабходна заключыць з Вашынгтонам рамачнае пагадненне, якое дазволіла б амерыканскім салдатам рухацца праз нашу тэрыторыю транзітам, ці ж знаходзіцца ў нашай краіне абмежаваны час у выпадку большай неабходнасці», – падкрэслівае чэшскае выданне.
***
У Еўропе і без таго высокія кошты на энерганосьбіты да вайны ва Украіне пасля яе пачатку працягваюць бесперапынна расці. У многіх краінах Еўропы інфляцыя ўжо складае сем працэнтаў. Прадукты харчавання, перш за ўсё пшаніца і сланечнікавы алей, у значнай ступені падаражэлі. Апошняе тлумачыцца тым, што асноўнымі пастаўшчыкамі гэтай прадукцыі традыцыйна выступаюць Расея і Украіна. Аглядальнікі ў рознай ступені баяцца сур’ёзнага эканамічнага крызісу.
«Рост коштаў у Вялікабрытаніі не павінен адцягваць ад глабальных наступстваў інфляцыі», – папярэджвае брытанская газета The Guardian.
«Уявіце сабе разруху ў менш багатых, стабільных і ўплывовых краінах. Згодна з прагнозамі Сусветнай харчовай арганізацыі ААН больш за 6 мільёнаў чалавек у Самалі будуць закрануты «крызісам, надзвычайнымі сітуацыямі і моцным голадам» ужо ў бліжэйшыя два месяцы. На наступным тыдні міністры фінансаў многіх краін свету прыляцяць у Вашынгтон на вясновую сустрэчу з прадстаўнікамі Сусветнага банка і МВФ. Там яны павінны будуць дамовіцца аб пастаўках гуманітарнай дапамогі, якая неабходна ў краінах Афрыканскага Рога, у Афганістане і некаторых іншых краінах. Палітыкі маглі б прыняць рашэнне аб рэструктурызацыі даўгоў самых бедных краін, спісанні непад’ёмных даўгоў і прыпыненні выплаты працэнтаў па крэдытах», – прапануе брытанскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Array