PRADMOVA вяртаецца



PRADMOVA вяртаецца. Беларускі фэстываль інтэлектуальнай кнігі пройдзе цягам чэрвеня па-за Беларуссю. Цэнтральнай тэмай стане паняцце дома. Пра гэта нашаму карэспандэнту распавёў Госць Рацыі – дырэктар фестывалю, філосаф Павел Баркоўскі.

РР: Чаму ўсё ж такі вырашылі правесці фестываль PRADMOVA нават у такой сітуацыі, нягледзячы на вайну і падвойную акупацыю Беларусі?

Павел Баркоўскі: Наша меркаванне такое, што менавіта культурныя падзеі, тое, што працуе на нашу ідэнтычнасць, – гэта вельмі важна менавіта ў такі момант, бо мы бачым вельмі шмат негатыўных навінаў з кепскім парадкам дня, якія ставяць пад пытанне само існаванне краіны і будучыню ў бліжэйшы час. Таму вельмі важна нагадваць самім сабе, што Беларусь сапраўды жыве, што ў нас ёсць вельмі шмат чаго цікавага, чым мы можам ганарыцца, на што трэба звяртаць увагу.

Такі фестываль якраз такая добрая нагода ўсім нам прыгадаць, што ў нас сапраўды ёсць і што мы можам рабіць незалежна ад абставінаў.

РР: Паводле вашых адчуванняў, якая доля тых людзей, якіх можна залічыць да беларускай творчай эліты? Якая доля з’ехала з Беларусі, а якая там засталася па-ранейшаму?

Павел Баркоўскі: Вельмі цяжка такую сацыялогію атрымаць, але па суб’ектыўных адчуваннях зараз сітуацыя такая, што дзесьці напалову. Па знаёмых літаратарах, музыках і мастаках бачыш, што значная частка вымушана была з’ехаць з Беларусі па розных прычынах, і таму для іх удзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах прасцей нават за мяжой, чым вяртанне ў краіну, і па ўсіх тых пытаннях, якія ўзнікаюць праз правядзенне нейкіх мерапрыемстваў унутры краіны сёння.

РР: Адкрыты збор заявак для тых, хто хоча паўдзельнічаць у фестывалі PRADMOVA. Ад каго вы чакаеце лістоў?

Павел Баркоўскі: Фестываль праводзіцца не першы год, таму мы спадзяваемся, што нашы сталыя ўдзельнікі звярнуць на яго ўвагу і прапануюць плён зробленага за апошнія паўтары гады, бо ў мінулым годзе мы па адмысловых прычынах не праводзілі фестывалю. Па-другое, вельмі спадзяваемся на актыўнасць нашых зараз вельмі актыўных дыяспар, якія ёсць у Польшчы, Грузіі, Літве, што яны таксама далучацца са сваімі прапановамі і сваімі цікавымі мерапрыемствамі да фестывалю. І адмыслова ад усіх зацікаўленых людзей, хто хацеў бы далучыцца да вось гэтай інтэлектуальна-культурнай атмасферы і прапанаваць нешта сваё, што было б варта прапанаваць для беларусаў сёння.

PRADMOVA адбудзецца ў фармаце аднадзённых фестываляў у Тбілісі – 4 чэрвеня, Кракаве – 11 чэрвеня, Варшаве – 18 чэрвеня, Вільні – 25 чэрвеня. Плануюцца анлайн і афлайн-падзеі. Падаць заяўку на ўдзел можна да 25 красавіка ўключна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя