Мастака Алеся Пушкіна адправілі ў „Воўчыя норы”
Мастака і палітвязня Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калонію № 22 у Івацэвіцкі раён („Воўчыя норы”). Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад яго сваякоў. З менскага СІЗА № 1 Пушкіна этапавалі яшчэ дзесяць дзён таму.

30 сакавіка Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту). Апеляцыйную скаргу палітвязень адмовіўся падаваць. Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадскі суд, суддзя — Алена Шылько.
Мастака прызналі вінаватым у „наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб” і ў „здзеку з дзяржаўных сімвалаў”. Падставай для абвінавачанняў сталі карціны з цыклу „Беларускі супраціў” і перфоманс, які ён правёў ва Украіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме пачалі крымінальную справу.
Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021-га. Раней у „Воўчыя норы” змяшчалі пераважна асуджаных па „наркатычных” артыкулах, але летась пачалі адпраўляць палітвязняў. Нядаўна туды перавялі спартовага журналіста, футбаліста і палітвязня Аляксандра Івуліна.