„Цяпер тут стаяць грамадзяне!”. Светлай памяці патрыёта



На беларускім Палессі, прынамсі на Піншчыне, Вялікдзень памерлых адзначаюць у першы чацвер пасля Уваскрэсення Хрыстова. Канечне, у апошнія гады традыцыя саступае, свае бярэ Радаўніца і тое перадусім адбываецца праз пазіцыю праваслаўнай царквы. Ды і адсутнасць статусу выходнага дня не на карысць Наўскаму чацвяргу.

Тым не менш, пакуль традыцыя жывая, ёсць яшчэ яе носьбіты, як напрыклад аўтар гэтых радкоў, так выхавала бабуля (гл: Палессе паміж Наўскім чацвяргом і Радаўніцай). І вось у дзень, калі палешукі ўшаноўваюць сваіх памерлых сваякоў, сяброў – хочацца сказаць шчырыя словы ў гонар светлай памяці годнага грамадзяніна, адданага патрыёта нашай Бацькаўшчыны.

Мікалай Уладзіміравіч Міхалевіч. Ён адышоў у лепшы свет зусім нядаўна, 11 красавіка, на 66 годзе жыцця. Вельмі заўчасна і раптоўна для ўсіх, каму пашчасціла мець з ім знаёмства. Просты, адкрыты, адказны і мужны. Як то падабае моцнаму духам чалавеку прыняў жудасны дыягназ. Ведаў, як мала яму засталося, як хутка “згарае” ад хваробы, але ні адсотка панікі, ўсё мужна і мудра. Па-філасоўску скарыстаўся інфармацыяй ад лекараў, пра тое, які мае запас часу – лічаныя тыдні, развітаўся з сябрамі, паплечнікамі і па магчымасці зрабіў усё, каб не балела сваякам. Але ўся роўна баліць усім…

Пра тое, што ў Пінску жыве грамадскі дзеяч па прозвішчу Міхалевіч, даведаўся даўно ад Яўгена Шатохіна, яго калега па былым гарадскім дэпутатцкім корпусе. Тое было завочнае знаёмства, а ўпершыню, вочы ў вочы, пабачыліся ў сакавіку 2017 года на мітынгу жыхароў Пінска супраць сумнавядомага  Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. У народзе той лукашэнкаўскі дакумент атрымаў назву і застаўся ў памяці, як Дэкрэт аб дармаедстве. Тады ў Пінску, як і ва ўсіх буйных гарадах краіны, адбыліся масавыя акцыі пратэсту пад агульнай назвай “Марш недармаедаў”. Канкрэтна ў горадзе над Пінай на галоўнай плошчы “маршы” ладзіліся двойчы. За ўдзел у адным з іх Мікалай Уладзіміравіч атрымаў штраф.

Сакавік 2017 года, “Марш недармаедаў” у Пінску, фота аўтара.

“Мы не былі блізкімі сябрамі. Мы былі аднадумцамі. Ведалі адзін аднаго больш за 30 гадоў. Бывала, што спрачаліся. Тым не менш, заўсёды знаходзілі паразуменні. Пасля заканчэння нашага дэпутатства, сустракаліся, абмяркоўвалі розныя пытанні. Мікола быў надзейны чалавек і, самае галоўнае – адказны. Мала хто з таго нашага дэпутатскага корпуса заставаўся актыўным і працягваў працаваць дзеля дэмакратычнай Беларусі. Міхалевіч быў заўсёды быў наперадзе…”, – на развітанне на сваёй старонцы ў Facebook напісаў Віктар Ярашук, адзін з лідараў апазіцыі ў Пінскім гарадскім Савеце дэпутатаў у 1990-я гады.

Міхалевіч рабіў усё ад яго залежнае, каб Беларусь мела ўласны шлях развіцця, а не ўцягвалася ў сумнеўныя саюзы ды авантуры з Расеяй. Увечары 20 снежня 2019 года дзесяць чалавек сабраліся ў гістарычным цэнтры Пінска, каля помніка “Палешуку”. Яны трымалі плакаты з лозунгамі: “Годзе гандляваць краінай! Не інтэграцыі” ды “Інтэграцыя = Акупацыя!”. Не дзіўна, што сярод неабыякавых пінчукоў апынуўся і Мікалай Уладзіміравіч. Гэта была рэакцыя на падпісанне паміж афіцыйным Менскам і Масквой чарговых дакументаў пра паглыбленую інтэграцыю, паскарэнне пабудовы незразумелай, штучнай Саюзнай дзяржавы. За жаданне, каб краіна была незалежнай, гатоўнасць бараніць яе інтарэсы, ўсе прысутныя на акцыі атрымалі штрафы.

У лёсавызначальныя жнівеньскія дні 2020 года былы гарадскі дэпутат Мікалай Міхалевіч стаў адным са спікераў пратэстоўцаў у Пінску. Людзей уражвалі яго эмацыйныя прамовы, праўдзівасць і адсутнасць страху пры выказванні думак. Прамаўляў свабодны беларус, які без сумневу гатовы ахвяраваць жыццё дзеля лепшай будучыні краіны. Пасля аднаго з выступаў на Народным сходзе, менавіта так свае мітынгі тады называлі пінчукі, Мікалай Уладзіміравіч даў інтэрв’ю нашаму радыё. Ён добра аналізаваў сітуацыю, засцерагаў, што ўлады чакаюць згасання пратэсту, які ўсё больш загразае ў дэмагогіі і безвыніковым хаджэнні. Папярэджваў, што як толькі выпадзе магчымасць, то рэжым нанясе моцны ўдар і пачне чыніць маштабную расправу. Гэтак і сталася.

Прамаўляе Мікалай Міхалевіч на Народным сходзе, Пінск, 18 жніўня 2020 года, фота аўтара.

“Сітуацыя надзвычай трывожная. Казаў, што вось гэта арганізаваная злачынная група, разам з “паханом”, яны хочуць моцна загнаць нас у стойла. Зараз кажуць, што мітынг несанкцыянаваны, падавайце заяўкі і г.д. А пасля, яны так з намі разлічацца, не дай Бог! Нават думаць пра гэта не хачу. Улічваючы тое, што калі б тут стаялі людзі майго ўзросту, то нічога не было б, але тут (на агульнагарадскім сходзе ў Пінску, – аўт.) стаяць маладыя людзі. Прыгожыя маладыя людзі. Яны ўжо свайго не саступяць – удыхнулі глыток свабоды! Як і мы ў 1991 годзе, я яго адчуваю заўжды. Паглядзіце ў іх твары: радасныя, шчаслівыя і мірныя… Справа ў тым, што калі тады (1991 год) нараджалася Рэспубліка, то сёння нарадзілася нацыя, а гэта розныя рэчы. У рэспубліцы мы былі наўпрост насельніцтвам, у сваёй большасці, а цяпер тут стаяць грамадзяне…”, – урывак з інтэрв’ю 18 жніўня 2020 года.

За сваю актыўнасць у пратэстным руху пасля прэзідэнцкай кампаніі Мікалай Міхалевіч атрымоўваў штрафы і адміністрацыйныя арышты, але не шкадаваў. Ды і пасля 2020 года, да апошніх дзён, заставаўся актыўным грамадзянінам.

Напэўна захоўваючы супакой знешне, фактычна гледзячы смерці ў вочы, а ўнутры… Рвалося, пякло, пераварочвалася ўсё за родную Беларусь, любімую сям’ю. Справа зробленая, ўнёсак ў падмурак лепшай будучыні пакінуты і такая праца будзе працягнутая ўдзячнымі нашчадкамі.

Мікалай Уладзіміравіч Міхалевіч (20 красавіка 1956 – 11 красавіка 2022). Светлая памяць!

У жніўні 2020 года, фота “Медыя-Палессе”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя.