Арына Сабаленка саступіла на старце турніру ў Мадрыдзе
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завяршыла выступы ў адзіночным разрадзе турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 6,5 мільёнаў даляраў. У 1/32 фіналу чацвёртая ракетка планеты саступіла ў трохсэтавым матчы прадстаўніцы ЗША Амандзе Анісімавай – 2:6, 6:3, 4:6. У гэтай гульні Арына Сабаленка зноў няўдала падавала, дапусціўшы 8 падвойных памылак. Пасля гэтай паразы Сабаленка страціла 990 ачкоў, таму што летась яна стала пераможцай турніру. У лайв-рэйтынгу лепшых тэнісістак планеты Сабаленка займае сёмае месца. Раней яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка перамагла ў дзвюх партыях швейцарскую тэнісістку Вікторыю Галубіч – 7:6 (7:5), 6:3. У 1/16 фіналу суперніцай Вікторыі Азаранкі будзе славенка Тамара Зіданшэк.
«РБ Лейпцыг» абыграў «Рэйнджэрс» у першым матчы 1/2 фіналу Лігі Еўропы
У першым паўфінальным матчы Лігі Еўропы „РБ Лейпцыг” прымаў „Рэйнджэрс”. Гаспадары перамаглі — 1:0. Адзіны гол быў забіты ў канцоўцы сустрэчы. На 85-й хвіліне вызначыўся абаронца Анхеліньё.
„Вэст Хэм” саступіў „Айнтрахту” у Лондане 1:2. У першым паўфінальным матчы Лігі канферэнцый паміж «Лестэрам» і «Ромай» была зафіксаваная нічыя 1:1. У другім паўфінале „Феенаорд” абыграў „Марсэль” — 3:2 – Дэсерс аформіў дубль.
«Манчэстэр Юнайтэд» і «Чэлсі» згулялі ўнічыю
На стадыёне „Олд Трафард” у Манчэстэры ў рамках перанесенага матчу 37-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Манчэстэр Юнайтэд” прымаў „Чэлсі”. Каманды згулялі ўнічыю — 1:1. Лік быў адкрыты ў другім тайме. На 60-й хвіліне вызначыўся абаронца сініх Маркас Алонса, але ўжо праз дзве хвіліны форвард «Манчэстэр Юнайтэд» Крышціяну Раналду пасля перадачы хаўбека Неманья Маціча зраўняў лік. Пасля 33 згуляных тураў „Чэлсі” размяшчаецца на трэцім месцы ў турнірнай табліцы. „Манчэстэр Юнайтэд” знаходзіцца на шостым радку.
ЦСКА перавёў фінальную серыю КХЛ супраць „Металурга” ў сёмы матч
Хакеісты маскоўскага ЦСКА абыгралі магнітагорскі „Металург” у шостым матчы фіналу Кубка Гагарына 2:1 і зноў зраўнялі лік у супрацьстаянні.
Лёс чэмпіёнства КХЛ вызначыцца ў вырашальнай сёмай гульні, якая пройдзе ў Магнітагорску ў суботу.
Парламент Латвіі забараніў латвійскім спартоўцам і камандам удзельнічаць у спаборніцтвах у Беларусі і Расеі
Парламент Латвіі забараніў латвійскім спартоўцам і камандам удзельнічаць у спаборніцтвах, якія праводзяцца на тэрыторыі Беларусі і Расеі. Акрамя таго, новы закон забараняе латвійцам і камандам, зарэгістраваным у Латвіі, удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, палова і больш удзельнікаў якіх складаюць прадстаўнікі Беларусі і Расеі. Тыя, хто парушае гэтую забарону, не будуць запрашацца ў нацыянальныя зборныя Латвіі, а таксама не змогуць атрымліваць сродкі з дзяржаўнага ці мясцовага бюджэту для пакрыцця выдаткаў на трэніроўкі ці спаборніцтвы.
Беларускае Радыё Рацыя