Праваабаронцы лічаць, што фігурант пінскай справы пад уплывам сілавікоў



Пасля таго, як нядаўна 23-х гадоваму пінчуку Алегу Ардзюку вынеслі прысуд па “Пінскай справе”, мясцовыя праваабаронцы паспрабавалі ўсталяваць кантакт з яго сваякамі, каб больш канкрэтна дапамагчы. Але сям’я адмовілася ад сувязяў. Відавочна, як і напрацягу ўсяго следства і суда, яны знаходзяцца пад уплывам сілавікоў, мяркуюць праваабаронцы. Аналагічная сітуацыя з некалькімі сем’ямі пінчукоў-палітвязняў.

Алег Ардзюк пакараны 3,5 гадамі зняволення за ўдзел у “масавых беспарадках”. Па словах Алеся Рамановіча, на фоне першых прысудаў, гэта выглядае не так жорстка:

– Вынік чакаемы. Прысуд 3,5 года па гэтым артыкуле яшчэ больш-менш нармальны. Таму што па артыкуле ад 3 да 8. Першыя дзве групы, якія ішлі па гэтай справе, яны былі як бы сказаць „абразцова паказальныя” – гэта трэба было агалосіць на ўсю рэспубліку, што людзі атрымалі такія вялікія тэрміны, каб іншыя не пасмелі нічога такога рабіць.

Па “Пінскай справе” ўжо асуджана 27 жыхароў Пінска, ўсе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі. Справа за пінскія падзеі 9-га і 10-га жніўня 2020 года працягваецца.

Беларускае Радыё Рацыя