Аляксандр Краўчук: Лекар на зарплату не можа арганізаваць сабе годнае жыццё



Новая карупцыйная справа медыкаў у канцы сакавіка бягучага года падчас якой было арыштавана 35 артапедаў-траўматолагаў наўпрост б´е па хворых на суставы. Па сутнасці, арыштаваны высокакласныя спецыялісты. Чаму так сталася, мы пацікавіліся ў непасрэдна звязанага з гэтымі спецыялістамі інваліда 2 групы Аляксандра Краўчука, жыхара вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна. Гаворыць Краўчук:

– Хутчэй за ўсё, маё меркаванне, гэта для таго, каб адцягнуць людзей ад сапраўдных праблем. Такое ж у нас было, калі не памыляюся, у 2018 годзе пры Жарко, калі перасаджалі шмат сапраўды разумных.

– Чаму людзі аддаюць перавагу імпартным штучным суставам, а не беларускім? Беларускіх жа хапае ці таксама не хапае?

– З Беларускімі таксама ёсць некаторыя праблемы, але фактычна патрэба задавольваюцца, наколькі мне вядома. А што тычыцца імпартных штучных суставаў, то людзі лічаць іх больш надзейнымі і даўгавечнымі. І якасць грае тую ролю, што людзі пачынаюць іх ставіць на платнай аснове.

– Колькі каштуюць імпартныя суставы?

– У залежнасці ад фірмы, ад 2 да 3 тысяч долараў, прыкладна такія лічбы.

– А беларускія ставяць бясплатна?

– Беларускія – так. Але пытанне ў наступным, рабочыя пары зношваюцца і павінна быць праведзена рэвізія, то бок фактычна тая ж аперацыя па замене рабочых пар. Вымаюцца зношаныя дэталі і ставяцца новыя. Атрымліваецца, калі браць імпартныя суставы, то час рэвізіі больш працяглы.

– Затрыманыя 35 артапедаў, людзе не вераць у іх вінаватасць, яны лічаць, што Лукашэнка правёў чарговую акцыю застрашэння. Ці існаваў усё ж такі чалавечы фактар?

– Я не выключаю чалавечы фактар, бо лекар на сваю зарплату не можа сабе арганізаваць годнае жыццё, таму магчыма і былі такія факты.

– Артапеды арыштаваныя, значыць людзі не атрымаюць цяпер своечасовай дапамогі.

– Так, гэта сур’ёзная праблема, таму што высокакласныя спецыялісты не могуць выконваць свае прафесійныя абавязкі і губляюць сваю кваліфікацыю.

Паводле Аляксандра Краўчука, праблема ў забеспячэнні імпартнымі індапратэзамі хворых – гэта не віна  практыкуючых артапедаў-траўматолагаў, а віна адказных функцыянераў ад медыцыны.

Беларускае Радыё Рацыя