Беларусь на 153 месцы ў Індэксе свабоды прэсы
Міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” апублікавала штогадовы Індэкс свабоды прэсы. Беларусь апынулася на 153 месцы са 180 краін. У параўнанні з 2021 годам яна ўзнялася на пяць пазіцый. Пры гэтым наша краіна апярэдзіла Расею, якую „Рэпарцёры без межаў” змясцілі на 155 месца.

„Самая небяспечная краіна Еўропы для журналістаў да ўварвання Расеі ва Украіну, Беларусь працягвае пераслед незалежных СМІ і іх рэпарцёраў”, – такая характарыстыка даецца Беларусі ў профілі.
У індэксе адзначаецца, што беларускія СМІ ніколі не падвяргаліся такім моцным пераследам, як пасля жніўня 2020 года. Аўтары даследавання звяртаюць увагу на закрыццё шэрагу буйных СМІ, прызнанне іх экстрэмісцкімі, арышты і прысуды для журналістаў.
Украіну „Рэпарцёры без межаў” змясцілі на 106 месца. Іншыя суседзі Беларусі знаходзяцца яшчэ вышэй: Польшча – на 66 месцы, Латвія – на 22, а Літва і зусім уваходзіць у першую дзясятку найбольш свабодных для прэсы краін. Яна займае дзявятае месца.
Узначальвае рэйтынг Нарвегія, далей ідуць: Данія, Швецыя, Эстонія, Фінляндыя, Ірландыя, Партугалія, Коста-Рыка, Літва і Ліхтэнштэйн.
Замыкаюць рэйтынг Сірыя, Ірак, Куба, В’етнам, Кітай, М’янма, Туркменістан, Іран, Эрытрэя і Паўночная Карэя.