Яго звольнілі з Інстытута літаратуры за «беларускі нацыяналізм»



4 траўня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, крытыка, перакладчыка, кандыдата філалагічных навук Міколы Прашковіча (1932-1983).

Міхась Скобла ў абгарэлай хаце Міколы Прашковіча

Мікола Прашковіч – адзін з самых таленавітых беларускіх літаратуразнаўцаў ХХ стагоддзя, які за свае пражытыя 51 год напісаў дзясяткі артыкулаў па творчасці беларускіх літаратараў, рэцэнзій на кнігі, перакладаў.
Гэта Мікола Прашковіч – адзін з першых пачаў даследаваць паэзію Сімяона Полацкага, абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Паэзія Сімяона Полацкага. Ранні перыяд (1648-1664)». На вялікі жаль, яна да сённяшніх дзён у Беларусі не выдадзена асобным выданнем, так, як і не выдадзены кнігі яго літаратуразнаўчых артыкулаў і перакладаў.

Алесь Белакоз і Мікола Прашковіч

Гэта Мікола Прашковіч – адзін з першых у 1967 годзе напісаў вялікі артыкул «Шлях паэта» пра творчасць Ларысы Геніюш. Міхась Скобла ўпершыню апублікаваў яго праз 43 гады ў альманаху «Асоба і час»(2010, №3).
Гэта Мікола Прашковіч з’яўляецца адным з аўтараў калектыўных кніг»450 год беларускага кнігадрукавання», «Нарыс гісторыі філасофскай і сацыяльнай думкі Беларусі да 1917 года», «Францішак Скарына – беларускі першадрукар», «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і іншых. У сваіх працах даследчык выкарыстоўваў невядомыя матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю класікаў старажытнай беларускай літаратуры.

Ларыса Геніюш і Мікола Прашковіч

Родам Мікола Прашковіч быў з Бярэзінскага раёна. Скончыў філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры Акадэміі Навук Беларусі. Працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. А потым быў звольнены з Інстытута літаратуры па абвінавачванні «у беларускім нацыяналізме». Пасля гэтага звальнення порацаваў грузчыкам, бібліятэкарам, карэктарам, карэспандэнтам «Вячэрняга Мінска». Па стану здароўя пакінуў працу. Вярнуўся ў родную вёску, дзе трагічна загінуў пры пажары ў бацькоўскай хаце.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя