Алег Трусаў пра Станіслава Шушкевіча
Беларусь развітваецца з прафесарам Станіславам Шушкевічам, палітыкам, навукоўцам, беларускім патрыётам. Хаця за час ягонага палітычнага алімпу, на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі, меў шмат крытыкаў, аднак ён заставаўся асобай, якую некаторы час «цярпелі» ўсе: і камуністычная большасць і дэмакратычная апазіцыя.

Алег Трусаў, дэпутат незалежнасці, уважае, што Беларусі з Шушкевічам пашанцавала. Ён назваў колькі рысаў Станіслава Шушкевіча, якія будуць упісаны ў нацыянальную гісторыю.
– Інтэлігентнасць і беларускасць. Дай Бог кожнаму мець такую базу інтэлегентнасці і беларускасці. Гэта ўнікальны чалавек у гэтым сенсе. Ён надзвычай быў адукаваны, цудоўны навуковец. Пайшоў у свайго бацьку, у сваю маці, бо не забывайце, што яго бацькі былі беларускімі пісьменнікамі. Яго бацька адседзеў у лагерах шмат гадоў. Пра гэта сын не забыў. Ён заўжды ганарыўся сваім бацькам, ганарыўся сваёй маці. І яшчэ адна рыса важнае – што ён з Менску.
Развітацца са Станіславам Шушкевічам будзе магчыма ад 20-й гадзіны вечара 6-га траўня – па 14-ю гадзіну 7-га траўня ў архікатэдры Менску на пляцы Свабоды, 9.
Беларускае Радыё Рацыя