У Ізюме пад заваламі пяціпавярховіка знайшлі целы 44-х мірных жыхароў
У Ізюме, які з канца сакавіка знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, пры разборы завалаў знайшлі целы 44-х чалавек. Іх выявілі на месцы разбуранага пяціпавярховага дома.

Дом знішчылі расейцы падчас абстрэлаў горада яшчэ ў першай дэкадзе сакавіка, піша прадстаўнік украінскіх уладаў у рэгіёне, кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Усе загінулыя — мірныя грамадзяне.
„Гэта чарговае жудаснае ваеннае злачынства расейскіх акупантаў супраць мірнага насельніцтва”, — адзначыў ён.
Паводле звестак ААН, з пачатку вайны ва Украіне загінулі каля 3400 мірных жыхароў, раненні атрымала больш за сем тысяч цывільных. І гэта не дакладныя лічбы. Фактычная колькасць значна большая, адзначаюць у ААН, таму што інфармацыя з месцаў баёў паступае са спазненнем і многія паведамленні патрабуюць пацверджання.
Беларускае Радыё Рацыя
Array