Агляд прэсы: памяркоўнасць – як знак часу



Беларусь смуткуе аб лепшых часах. Пасыл пуцінскай гаворкі. ЕЗ у Дзень Еўропы: ці патрэбны супольнасці рэформы? Самавызначэнне ЕЗ: пацыфізм застаўся ў мінулым? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь смуткуе з нагоды смерці свайго першага кіраўніка дзяржавы, якога Перабудова прывяла ў палітыку і якога працягвала выхоўваць да канца жыцця.

Станіслаў Шушкевіч ўвойдзе ў гісторыю як адзін з падпісантаў разам з Барысам Ельцыным з Расеі і Леанідам Краўчуком з Украіны Белавежскіх пагадненняў, якія 8 снежня 1991 года юрыдычна пацвердзілі канец Савецкага Саюзу. Шушкевіч назваў гэта найвялікшым дасягненнем: такім чынам прадухілілі этнічны канфлікт і масавы гвалт, які маглі ўспыхнуць пасля распаду савецкай імперыі, падобна таму, што адбылося ў Югаславіі», – піша амерыканскае выданне Center for European Policy Analysis.

«Іншым галоўным дасягненнем Шушкевіча – фізіка-ядзершчыка часоў халоднай вайны – было неадкладнае і безумоўнае пазбаўленне ад усіх тактычных і стратэгічных ядзерных узбраенняў, якія знаходзіліся ў Беларусі як на заходняй мяжы Савецкага Саюза. Для большасці беларусаў ён быў перш за ўсё бацькам нацыі. Шушкевіч спрычыніўся да таго, каб пераканаць парламенцкую «старую гвардыю» прыняць важныя гістарычныя сімвалы Беларусі. У знак прызнання дэмакратычнай арыентацыі Беларусі ў 1994 годзе гэтую краіну наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, што, несумненна, стала выдатным знешнепалітычным дасягненнем для Шушкевіча. Неўзабаве пасля візіту прэзідэнта Клінтана ў Беларусь Лукашэнка, які ў той час быў кіраўніком парламенцкага камітэта па барацьбе з карупцыяй, звінаваціў Шушкевіча ў карупцыі. Вядома, што Лукашэнка быў абураны адмовай Шушкевіча папрасіць Клінтана ўмяшацца ад імя двух расейскіх шпіёнаў, якія пад прыкрыццём працавалі ў беларускай місіі пры ААН і былі выкрытыя ЗША. Шушкевіч стаяў за ўсім, чым пагарджаў Лукашэнка, а таму дыктатар помсціў да канца. Ён пазбавіў Шушкевіча спецыяльнай дзяржаўнай пенсіі і забараніў яго пахаваць на могілках, прызначаных для тых, хто ўнёс вялікі ўклад у Беларусь», – падкрэслівае амерыканскае выданне.

Выступаючы ў Дзень Перамогі на Краснай плошчы, Пуцін заявіў наконт нападу на Украіну, што з боку Расеі гэта быў «папераджальны адпор агрэсіі» – «вымушанае, своечасовае і адзіна правільнае рашэнне». Па словах Пуціна, Захад узброіў Украіну і там ужо будаваліся планы аб уварванні на «гістарычныя землі Расеі». Пры гэтым Пуцін не стаў афіцыйна аб’яўляць вайну Украіне, не прагучала і намёку на ўсеагульную мабілізацыю. Еўрапейская прэса дзеліцца сваімі ўражаннямі.

Як мяркуе швейцарскае выданне Le Temps, стрыманасць пуцінскай гаворкі – гэта пасыл краінам НАТА.

«Вельмі кароткая гаворка Уладзіміра Пуціна здзівіла сваёй умеранасцю. У гэтым яна рэзка кантраставала з выстаўленай напаказ падчас параду моцай расейскага войска. Прэзідэнт нават адзначыў, што свой уклад у перамогу ў Другой сусветнай вайне ўнеслі і брытанцы з французамі. Гэта – стрыманасць, якую некаторыя цяпер таксама бачаць і ў дзеяннях расейскага войска ва Ўкраіне. Так, многія заяўляюць, што насуперак чаканням, Крэмль не разгортвае там сваёй поўнай ваеннай моцы. Гэта, зразумела, ёсць следствам тактычнай слабасці расейскіх узброеных сіл, але, магчыма, і знак таго, што Уладзімір Пуцін не бачыць сэнсу пашыраць гэтую вайну на краіны НАТА», – адзначае швейцарскае выданне.

9 мая ў Еўразвязе адзначаюць Дзень Еўропы: у гэты дзень у 1950 годзе была падпісана Дэкларацыя Шумана, якая лічыцца ўстаноўчым актам узнікнення Еўрапейскага звяза. Імпрэзы гэтага года супалі з завяршэннем працы Канферэнцыі аб будучыні ЕЗ, на якой на працягу года абмяркоўваліся розныя прапановы па рэформах Еўразвязу, у тым ліку ідэя адмовы ад прынцыпу аднагалоснасці для прыняцця рашэнняў у многіх галінах. Еўрапейская прэса піша аб выніках працы канферэнцыі, у святле вайны ва Ўкраіне.

«Той факт, што шмат хто нават не заўважыў правядзення гэтай канферэнцыі, толькі на руку кіраўнікам некаторых краін і ўрадаў», – адзначае нямецкая газета Süddeutsche Zeitung.

«Яны зусім не зацікаўлены ў далейшай мадэрнізацыі ЕЗ, паколькі такая, хутчэй за ўсё, ішла б рука аб руку з узмацненнем улады Еўрапарламента. Тым не менш, кіраўнікам дзяржаў і ўрадаў не варта было б адкладаць у доўгую скрыню вылучаныя падчас канферэнцый прапановы па палітыцы ў галіне аховы здароўя або клімату, а таксама па пытаннях функцыянавання ЕЗ. Апроч усяго іншага гэта даказала б, што мінулая канферэнцыя не была, як першапачаткова заяўлялі шматлікія, пераліваннем з пустога ў пустое».

На працягу дзесяцігоддзяў падмурак Еўразвязу засноўваўся на гандлі і ўнутраным рынку, а за бяспеку заўсёды быў адказны нехта іншы. Вайна ва Украіне змяніла звыклы расклад, і цяпер палітыка бяспекі і абароны займае першыя радкі на парадку дня супольнасці. Пастаўляючы зброю Украіне, ЕЗ таксама выразна заяўляе аб сваёй пазіцыі. Не ўсе еўрапейскія СМІ вітаюць такую змену парадыгмы.

«Цвярозы і дзелавы падыход – вось, што зараз самае галоўнае», – піша венгерская газета Magyar Nemzet.

«Тое, што доўгая эра мірнага суіснавання ў Еўропе падышла да канца, – гэта ўжо само па сабе змена эпох. Так, раней пагроза ядзернай зброяй таксама мела месца, але, дзякуй Богу, толькі на ўзроўні рыторыкі стрымлівання. Нараўне з палітыкамі за скарачэнне ядзернага арсенала змагаліся такія выдатныя мысляры, як лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Альберт Швейцэр і Альва Мюрдаль. І рабілі яны гэта на міжнародных форумах, якія ў тыя часы карысталіся пашанай і павагай. У нашы дні аўтарытэт такіх форумаў значна знізіўся. А гэта значыць, што здаровы сэнс, цвярозая дыпламатыя, дакладная інфармацыя і ўмераны стыль камунікацыі набываюць сёння асаблівае значэнне», – папярэджвае венгерскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя

Array