Журналісту пагражае да шасці гадоў за тое, што ён фатаграфаваў тэхніку РФ



Журналісту з Баранавічаў Юрыю Ганцарэвічу прад’явілі абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Ганцарэвіча затрымалі тыдзень таму. Яго падазраюць у тым, што ён фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і адпраўляў здымкі ў незалежныя СМІ. Паколькі раней улады прызналі некалькі буйных медыяў „экстрэмісцкімі фармаваннямі”, цяпер журналіста абвінавачваюць у садзейнічанні такому „фармаванню”.

Беларусь адмаўляе, што яе вайскоўцы бяруць удзел у вайне ва Украіне. Украінскія ўлады рэгулярна паведамляюць пра абстрэлы з тэрыторыі Беларусі.