Да самай смерці служыў Радзіме
Да 110-годдзя беларускага паэта Анатоля Іверса (1912-1999).

Нарадзіўся Анатоль Іверс 15 траўня 1912 года ў вёсцы Чамяры на Слонімшчыне. Праз два гады сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні і ў Кіеве. Вярнуліся дамоў толькі ў 1918 годзе.
Як не цяжка было, а за гэты час маленькі Ваня навучыўся чытаць па-руску, а калі вярнуўся з бацькамі ў родныя Чамяры, пайшоў “перавучвацца” у польскую пачатковую школу. Але гэтыя мовы былі для яго чужыя. Хлопчыку хацелася вучыцца ў беларускай школе. Аднойчы летам з Віленскай беларускай гімназіі прыехаў у Чамяры Казімір Чартовіч, які за лета падрыхтаваў чамяроўскіх дзяцей да паступлення ў гімназію. Сярод гэтых вучняў быў і Іван Міско. У 1926 годзе ён становіцца вучням беларускай гімназіі ў Вільні. Там чамяроўскі хлопец знаёміцца з Алесем Салагубам, Язэпам Урбановічам, Міхасём Васільком. Раскідвае лістоўкі, носіць у турму мопраўскія перадачы для вязняў, расклейвае плакаты, ходзіць на дэманстрацыі рабочых. Аднойчы паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а некалькі дзесяткаў гімназістаў былі выключаны з беларускай навучальнай установы, у тым ліку і Іван Міско, якога пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам.
Потым былі яшчэ дзве спробы працягваць адукацыю ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, але і адтуль “бунтар” Міско быў выключаны. Яго “універсітэты” закончыліся ў 1931 годзе, пасля чаго юнак вярнуўся ў родную вёску.
У адзін з вечароў да Івана Міско зайшоў незнаёмы хлопец, перадаў прывітанне ад Валянціна Таўлая і папрасіў згоды на подпіс пад Дэкларацыяй сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Дэкларацыя і першы верш Івана Міско пад псеўданімам Анатоль Іверс былі апублікаваныя ў першым студзеньскім часопісе “Літаратурная старонка” за 1934 год. Праўда, наклад часопіса быў канфіскаваны, але з друкарні ўсё ж ўдалося вынесці некалькі нумароў.

Праз некаторы час вершы Анатоля Іверса сталі часта друкавацца на старонках выданняў “Літаратурная старонка”, “Калоссе”, “Беларускі летапіс”, “Шлях моладзі”, “Наша воля”, “Асва”. А ў верасні 1939 года ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Песьні на загонах”.
Аб чым пісаў малады слонімскі паэт? Ды пра тое, як шуміць жыта, як “хтось расчэсваў зялёныя сосны”, як “заігралі ветры ў полі” і як “залацілася раніца ападаючым шэлестам”. А яшчэ паэт пісаў пра Беларусь, пісаў шчыра і светла, натхнёна і радасна:
Адзначыць каб добрую ўдачу,
Я зораў з сабой набяру
І жменяю сыпну — няйначай,
На славу табе, Беларусь.
Калі прыйшлі “першыя саветы” і ў Слоніме пачала выдавацца раённая газета “Вольная праца”, яе першы рэдактар Іосіф Чарняўскі запрасіў Івана Міско на працу на пасаду літсупрацоўніка рэдакцыі. А ў 1940 годзе на выязным пасяджэнні ў Беластоку кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі БССР прыняло Анатоля Іверса ў Саюз пісьменнікаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Міско ўзначальваўваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. У лесе выдаваў антыфашысцкую газету “Барацьба”, лістоўкі, дапамагаў выпускаць падпольную “Вольную працу”.
Вайна прайшла праз сэрца і душу Анатоля Іверса. Ён страціў першую жонку і бацьку, ды і сам быў на валаску ад гібелі. Пасля вайны, замест творчай творчай працы, Іван Міско працаваў на смолазаводзе, у хімлясгасе, а калі пайшоў на пенсію — быў адказным сакратаром Слонімскага раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. А першы пасляваенны зборнік вершаў выйшаў з друку толькі ў 1970 годзе. Ён называўся “З пройдзеных дарог”. Сюды ўвайшлі вершы, напоўненыя пачуццём шчырай любові да роднага краю і яго працавітых людзей, а таксама паэма пра камсамольца Валодзю Бялько. У сваіх паэтычных радках Анатоль Іверс стараўся праўдзіва адлюстраваць перамогі над усімі акупантамі, якія не давалі спакойна жыць і працаваць на роднай зямлі:
Перамога! Перамога!
Абіваем з ботаў пыл.
І на пройдзеных дарогах
Ставім новыя слупы.
Вецер гутарыць з ліствою,
Ад кастра адносіць дым.
А слупы ўсе пахнуць хвояй,
Нашым лесам маладым.
Але як цяжка Анатолю Іверсу не было і дзе б ён не працаваў, заўсёды пісаў вершы, ніколі не цураўся матчынай мовы. Паэт трываў і “шчасце спазнаў” у сваіх вершах. Трэці зборнік паэзіі “Жыву ў бацькоўскім краі” пабачыў свет у Мінску ў 1982 годзе. Ва ўступным слове да яго Алег Лойка трапна заўважыў, што “вершы Анатоля Іверса другой паловы 1960-1970-х гадоў раскрылі жыццёвы лёс паэта найбольш шырока і глыбока, і іх дэкларацыі — часцей за ўсё менавіта ёмістыя паэтычныя формулы жыцця і барацьбы, вернасці Радзіме, праўды лёсу чалавечага, як, напрыклад, гэтыя:
Таварышы, паверце,
Хачу не проста жыць,
Хачу да самай смерці
Радзіме паслужыць”.
Нялёгка было ў правінцыі жыць, але вершы пісаліся і выдаваліся новыя кнігі: “Я пайшоў бы ўслед за летам…”(1987), “Прыдарожныя сосны” (1995), “Травень” (1997) і іншыя. Васіль Быкаў аднойчы сказаў: “Анатоль Іверс шмат дзесяткаў гадоў сумленна і мужна працаваў на карысць свайму народу і яго літаратуры”.

Беларускае Радыё Рацыя