Анастасія Міхно: Вайна паўплывала не толькі на падлеткаў
Музей Памяці Сібіры ў Беластоку распачаў асветніцка-экскурсійны праект „Моцныя разам”, у які ўваходзяць у тым ліку тэрапеўтычныя заняткі для дзяцей з Украіны. Праводзіць іх будзе псіхолаг родам з Харкава – Анастасія Міхно, якая акрамя гэтага дыстанцыйна аказвае псіхалагічную дапамогу падлеткам, якія былі вымушаны пакінуць Украіну з прычыны вайны.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцяй Рацыі” – псіхолагам Анастасіяй Міхно, якая працуе з украінскімі падлеткамі ў Беластоку пра тое, чаму ўкраінцы ўжо выйгралі ў вайне, развязанай Расеяй, у чым адрозненне паміж украінцам і беларусамі ў стаўленні да расейскай агрэсіі і якія самыя частыя постваенныя траўмы ў тых, хто пакінуў Украіну:
– Мяне завуць Анастасія, я трэнер-псіхолаг. Я прыйшла ў прфесію са свайго досведу, бо таксама была падлеткам, які не разумеў, кім ён ён з’яўляецца ў грамадстве, не разумее, што ў яго адбываецца ў жыцці, які патрабаваў дапамогі. Мае бацькі звярнуліся да праекту ў якім я цяпер працую, я праходзіла там праграму. Пасля заканчэння гэтых праграм я пачала працаваць трэнерам. Пасля гэтага я зразумела, што мне трэба здабыць псіхалагічную асвету і я пайшла вучыцца і зараз працую з падлеткамі ды дапамагаю больш 150-ці падлеткам ва Украіне – у маіх групах зараз столькі дзяцей.
РР: Вы атрымлівалі нейкую вышэйшую псіхалагічную адукацыю?
– Я атрымлівала адукацыю трэнера па амерыканскай праграме, а псіхалагічную асвету ва ўкраінскім універсітэце. Таксама атрымліваю псіхатэрапеўтычную адукацыю ва ўніверсітэце экзістэнцыяльнай тэрапіі, займаюся экзістэнцыяльнай тэрапіяй разам з дзецьмі і дарослымі.
РР: Зараз вы займаецеся ўкраінскім пытаннем?
– Гэта шырэй, бо мы працягваем працаваць з падлеткамі анлайн, бо нашыя дзеці цяпер па ўсім свеце: у Еўропе, у Амерыцы, у Канадзе. Але яны ўсё ж такі выходзяць на сувязь з намі. Яны далучаюцца да праграмы, яны далучаюцца да размовы. Мы праводзілі даследаванне ў нашай камандзе, якое датычыла адаптацыі дзяцей. Зараз гэтыя дзеці, якія былі ў нашым праекце, яны адаптаваліся хутчэй, чым тыя, хто не быў. Вайна паўплывала не толькі на падлеткаў, але і на дарослых, якія адказваюць за іх жыццё. З-за таго, што ў нашых дзяцей была магчымасць далучыцца да нейкага месца, дзе яны здабудуць сілу, яны змогуць здабыць унутраную стойкасць. Зараз мы працуем, каб да праграм магло далучыцца больш дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя
Array