Палітолаг: Улады Беларусі спрабуюць шукаць новы механізм выжывання
Палітычны курс рэжыму Беларусі не мяняецца. Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму імкнецца лавіраваць паміж Усходам і Захадам. Асабліва гэта стала заўважна на фоне інфармацый з вайны ва Украіне, дзе Расея не мае ніякіх значных поспехаў. Пра гэта кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч. Ён прыгадвае ліст міністра замежных справаў да еўрапейскіх амбасадараў з прапановай наладжваць адносіны. А пазней сам Аляксандр Лукашэнка пісаў ліст ў ААН, дзе сцвярджаў, што не справядліва Беларусь прыраўняць да агрэсараў і ставіць у адзін радок з Расеяй.
Уседзець на двух крэслах – тут палітыка Аляксандра Лукашэнкі не мяняецца, – заўважае палітычны аналітык Валер Карбалевіч:
-Гэта працяг той лініі з лістом Макея на адрас ЕЗ, дзе ўлады Беларусі спрабуюць шукаць новы механізм выжывання ва ўмовах той дрэннай сітуацыі, у якой апынулася Беларусь у звязку з тым, што стала саўдзельніцай агрэсіі ва Украіне. Два паралельныя працэсы, якія спрабуе ажыццяўляць у замежнай палітыцы афіцыйны Менск.
Сёння Захад успрымае Беларусь як суагрэсара супраць Украіны. Супраць рэжыму ў Менску нароўні з Расеяй праводзіцца санкцыйная палітыка. Менавіта з беларускай тэрыторыі ўваходзілі расейскія войскі на кіеўскім напрамку. Таксама з тэрыторыі Беларусі ў бок Украіны ляцелі расейскія ракеты.
Беларускае Радыё Рацыя
Array
