Беларуская лучніца сышла са зборнай і з’ехала за мяжу
21-гадовая беларуская лучніца Карына Казлоўская сышла са зборнай і з’ехала за мяжу. Неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі, якая заняла на Алімпіядзе ў Токіа з камандай 4-е месца, у Instagram патлумачыла матывы свайго ўчынку.
„Пачынаючы з 2020 года знаходзілася ў пастаянным стрэсе, — піша Казлоўская. — З-за Алімпійскіх гульняў, пандэміі, выбараў, і пасля палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне да гэтага часу, і вайны ва Украіне. Дзеля спорту маўчала, цярпела прыніжэнне, пагрозы, запалохванні. Пазбаўлялася ўсё большай колькасці правоў… Усё дайшло да кропкі незвароту і было прынята рашэнне з’ехаць з краіны”.
Спартоўка паведамляе, што яе афіцыйна звольнілі з нацыянальнай зборнай Беларусі. Гэта яна называе „пачаткам новага этапу ў… спартовым жыцці і добрай навіной”.
„Свабодная і ў бяспецы”, — дадае лучніца. Карына Казлоўская падпісвала ліст беларускіх спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары ў Беларусі.
Мартынаў, Кузняцоў і Дзярабін падпісалі кантракты з менскім „Дынамам”
Хакейнае менскае „Дынама” дасягнула дамоўленасці пра падпісанне новых кантрактаў з трыма беларускімі хакеістамі, паведамілі у прэс-службе сталічнага клуба.
У стан „зуброў” вяртаецца 20-гадовы нападнік Сяргей Кузняцоў. У мінулым сезоне КХЛ форвард правёў за „Дынама” два матчы, а ў студзені перайшоў у жлобінскі „Металург”, з якім стаў чэмпіёнам Беларусі. У плей-оф Кубка Прэзідэнта Кузняцоў набраў 19 ачкоў у 17 матчах, пабіўшы рэкорд выніковасці для гульцоў да 21 года.
Ігар Мартынаў таксама пачынаў мінулы сезон у складзе менчан, за якіх згуляў 5 матчаў і вызначыўся адной закінутай шайбай. Потым 23-гадовы форвард адправіўся ў „Шахцёр”, у форме салігорскага клуба Мартынаў зарабіў 8 (1+7) балаў у 13 сустрэчах.
Усяго ў КХЛ на рахунку нападніка 13 ачкоў у 92 гульнях. Таксама ростар сталічнай каманды папоўніў абаронца Дзмітрый Дзярабін. У мінулым сезоне 22-гадовы хакеіст згуляў у 27 матчах рэгулярнага чэмпіянату, дзе набраў 4 (1+3) балы. Усяго за кар’еру ў КХЛ Дзярабін разжыўся 9 баламі ў 93 паядынках.
Сталі вядомы пары 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе
У Доме футбола адбылося лёсаванне матчаў 1/16 фіналу Кубка Беларусі. На гэтай стадыі згуляюць 32 клубы. У розыгрыш уступаюць 16 каманд Вышэйшай лігі, якія далучацца да 16 калектываў, якія выйшлі з папярэдняга раунда турніру.
Пары 1/16 фіналу выглядаюць наступным чынам:
„Лакаматыў” (Гомель) (Д2) – „Дынама-Берасце”;
„Асіповічы” (Д2) – „Нёман” (Гародня);
„Смаргонь” (Д2) – „Слуцк”;
„Ліда” (Д2) – „Арсенал” (Дзяржынск);
„Баранавічы” (Д2) – „Энергетык-БДУ” (Менск);
„Хваля” (Пінск) (Д2) – „Дынама-Менск”;
„Газавік” (Віцебск) (Д3) – „Дняпро” (Магілёў);
„Астравец” (Д2) – „Шахцёр” (Салігорск);
„Крумкачы” (Менск) (Д3) – „Іслач” (Менскі р-н);
„Стэнлес” (Пінск) (Д3) – БАТЭ (Барысаў);
„Нафтан” (Наваполацк) (Д2) – „Менск”;
„Макслайн” (Рагачоў) (Д2) – „Віцебск”;
„Орша” (Д2) – „Гомель”;
„Тэхнолаг-БДУТ” (Магілёў) (КФК) – „Белшына” (Бабруйск);
„Жодзіна-Паўднёвае” (Д3) – „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна);
„Маладзечна-2018” (Д2) – „Славія” (Мазыр).
Пераможцы пар вызначацца ў аднаматчавых супрацьстаяннях, якія пройдуць 22-23 чэрвеня. Лёсаванне 1/8 фіналу адбудзецца ў Доме футбола 24 чэрвеня.
Дзеючым уладальнікам Кубка Беларусі з’яўляецца футбольны клуб „Гомель”, які ў фінале мінулага розыгрышу абыграў БАТЭ 2:1.
Іска можа працягнуць кар’еру ў „Роме”
Паўабаронца Іска можа працягнуць кар’еру ў „Роме”, паведамляе Sportitalia.
30-гадовы хаўбек, які пакідае „Рэал” пасля заканчэння кантракта, прапанаваны „Роме” яго агентам Жоржэ Мендэшам. У мінулым сезоне футбаліст забіў 2 галы ў 17 матчах за каманду ва ўсіх турнірах.
Іска перайшоў у „Рэал” з „Малагі” у 2013 годзе. У складзе каманды ён стаў пяціразовым пераможцам Лігі чэмпіёнаў, трохразовым чэмпіёнам Іспаніі і ўладальнікам Суперкубка УЕФА, – перадае sport-express.ru.
Беларускае Радыё Рацыя