Памёр пісьменнік Эрнест Ялугін



Беларуская культура зазнала чарговую страту – памёр пісьменнік Эрнест Ялугін.

Эрнест Ялугін нарадзіўся 19 лістапада 1936 года ў вёсцы Асінаўка (Дубровенскі раён). Бацькі працавалі на будаўніцтве Бел ДРЭС. Пасля вайны жылі ў Крычаве, дзе ў 1954 годзе Эрнест скончыў сярэднюю школу, затым працаваў рэдактарам радыёвяшчання пры Крычаўскай раённай газеце, літаратурным супрацоўнікам прамысловага аддзела гэтай жа газеты (1954—1956). Удзельнічаў у рабоце мясцовага літаратурнага аб’яднання. Працаваў загадчыкам аддзела пісем, адказным сакратаром мсціслаўскай раённай газеты (1957—1960), быў старшынём літаратурнага аб’яднання пры ёй.

У 1962 годзе скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, адначасна працаваў у Салігорску ў шматтыражнай газеце «За коммунистический труд» (1960—1961), адкуль быў пераведзены літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыю газеты «Знамя юности». Пазней перайшоў у рэдакцыю „Сельской газеты”, дзе працаваў раз’язным карэспандэнтам газеты (1966—1969). З 1969 года працаваў карэспандэнтам газеты „Літаратура і мастацтва”. У 1972—1976 гадах — на творчай рабоце. З 1976 года літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара ў часопісе „Нёман”. У 1991—1997 гадах — галоўны рэдактар штотыдневіка „Наша слова”.

Ялугін – аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: В. Быкава, А. Міронава, А. Мальдзіса, М. Улашчыка, дакументальнай аповесці пра жыцце і дзейнасць Ц. Гартнага («Без эпітафіі», часопісны варыянт пад назвай «Пасля небыцця», аднаго з першадрукароў Пятра Мсціслаўца («Мсціслаўцаў посах»), сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу», «Без эпітафі», зборніка нарысаў «Саленая планета». Пісаў аповесці, раманы на гістарычную і сучасную тэматыку: «Камяні Млечнага шляху», «Апошні князь», «Астравы», «Год-другі ў Алжыры», «Свечкі на Дзяды» (1991), «Ідзі і кажы» (2006), «А потым — рай» (2008).

Светлая памяць…