Паэт трагічнага лёсу. Да 110 годдзя з дня нараджэння Сяргея Астрэйкі
Беларускі паэт Сяргей Астрэйка пражыў толькі 25 гадоў. Ён нарадзіўся 26 чэрвеня 1912 года ў вёсцы Каласоўшчына на Случчыне (цяпер Капыльскі раён) у сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку ў Капылі і Менскі педтэхнікум, дзе адным з галоўных здабыткаў стала сяброўства з празаікам Лукашом Калюгам. Яшчэ будучы ў сямігодцы, пачаў пісаць вершы, некаторыя з якіх спадабаліся яго земляку Цішку Гартнаму — і той стаў апекавацца маладым талентам. З лёгкай рукі Цішкі Гартнага 16-гадовы Астрэйка друкаваўся ў «Чырвонай змене», «Полымі» і «Чырвонай Беларусі».

Пасля заканчэння педтэхнікума Сяргей Астрэйка працаваў літаратурным рэдактарам у выданнях Беларускага навукова-даследчага інстытута прамысловасці, а з 1932 года — у слоўнікавай камісіі Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова спрабаваў займацца перакладамі з рускай мовы і пісаць крытычныя артыкулы, адзін з якіх — «Нядбайліцы і бракаробы на моўным фронце» — меў шырокі розгалас. Паэт паслядоўна выступаў за чысціню беларускай мовы і супраць русізмаў, няўдалых граматычных форм і калькаванняў. Балазе, яго прыроджаная жывая і багатая на дыялектызмы мова давала яму на гэта права. 1932 год яшчэ дазваляў такія вольнасці. Яшчэ можна было думаць пра нацыянальны ўздым, моўнае адраджэнне, захаванне народных традыцый. Сумнавядомая рэформа правапісу 1933 года паставіла крыж на памкненнях Астрэйкі, а следам за ёю пайшлі і гучныя «нацдэмаўскія» справы, адна з якіх адняла жыццё ў «літаратурнага хроснага» паэта — Цішкі Гартнага, а другая — і ў яго самога.
За дзевяць гадоў творчасці Сяргей Астрэйка паспеў напісаць некалькі выбітных твораў, але ўласных кніг пры жыцці, на жаль, не меў. Яго паэму «Бенгалія», напісаную да прыезду Рабіндраната Тагора ў Менск, ухваліў Янка Купала, які меў магчымасць заслухаць яе ў выкананні аўтара. Некаторыя крытыкі праглядалі ў паэме паралелі з савецкай Беларуссю і таму лічылі паэму «контррэвалюцыйнай». Да нядаўняга часу «Бенгалія» лічылася цалкам страчанай, але ў 2018 годзе была знойдзена яе частка ў прыватным сямейным архіве паэткі і перакладчыцы Галіны Гайлевіч.
Другая паэма Сяргея Астрэйкі, «Змарагды кроз», выйшла асобнай кнігай спачатку ў 1990 годзе, а потым яе перавыдала выдавецтва «Галіяфы». У 1933 годзе Сяргей Астрэйка па беспадстаўных абвінавачаннях ва «ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі» быў арыштаваны і разам з Лукашом Калюгам адпраўлены ў ссылку ў горад Ірбіт Свярдоўскай вобласці Расеі. Там ён працаваў бухгалтарам на Ірбіцкім падшыпнікавым заводзе, а ў вольны час перакладаў на беларускую мову Аляксандра Пушкіна.
Паўторна паэт быў арыштаваны 14 жніўня 1937 года, а 13 верасня 25-гадовы беларус быў прысуджаны да смяротнага пакарання. 14 верасня 1937 года прысуд быў прыведзены ў выкананне. Рэабілітавалі паэта ў 1956 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя