Соф’я Сапега папрасіла Лукашэнку пра памілаванне
22-га чэрвеня яна перадала хадайніцтва аб памілаванні ў адміністрацыю калоніі №4 у Гомелі, расказаў BBC адвакат сям’і асуджанай Антон Гашынскі.

У звароце 24-гадовая зняволеная просіць Лукашэнку вызваліць яе ад адбыцця шасцігадовага тэрміну або замяніць яго больш мяккім пакараннем. Яна піша, што на злачынства яе падштурхнулі „маладосць і глупства”, што яна трапіла „пад уплыў дэструктыўна настроенай групы людзей”, але цяпер „шчыра раскайваецца”.
Соф’ю Сапегу затрымалі разам з блогерам Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 году, дзеля чаго прымусова пасадзілі самалёт Ryanair у Менску. Дзяўчыну асудзілі на шэсць гадоў калоніі па сямі крымінальных артыкулах.