Агляд прэсы: у пошуках уплыву
Расея і Беларусь пагражаюць Літве вайной за калінінградскую забарону. Вялікая сямёрка спяшаецца на дапамогу Кіеву. Ракетны ўдар па ГЦ у Крэменчугу. Балгарыя змякчае пазіцыю па Паўночнай Македоніі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«У той час як вайна Расеі ва Украіне бушуе, Масква пачала адкрыта пагражаць Літве пасля таго, як 17 чэрвеня была ўведзена забарона на чыгуначны транзіт некаторых тавараў у расейскі калінінградскі анклаў», – паведамляе ўкраінская газета Kyivpost.
«Нягледзячы на тое, што забарона была вядомая загадзя з моманту ўвядзення яе ў рамках чацвёртага пакета санкцый Еўразвязу, у Расеі пачалі гаварыць аб «блакадзе» рэгіёну і неабходнасці «абароны нацыянальнай бяспекі». Губернатар Калінінградскай вобласці сцвярджае, што пад забарону трапіла 40-50% усіх грузаў. Расея патрабуе ад ЕЗ неадкладна аднавіць транзіт з Калінінграда праз Літву. У Крамлі назвалі гэтае рашэнне беспрэцэдэнтным і незаконным. Улады Літвы адкідаюць расейскія абвінавачванні. Ніякай блакады Калінінграда не адбываецца, адказваюць яны, таму што санкцыі, уведзеныя супраць Расеі, былі ўведзеныя ЕЗ у цэлым з-за вайны ва Украіне. ЗША заявілі пра поўную падтрымку Літвы ў яе спрэчцы з Расеяй наконт транзіту ў Калінінград. 25 чэрвеня самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным заявіў, што блакада транзіту некаторых тавараў у Калінінград «падобны да аб’яўлення вайны». 17 чэрвеня галоўная чыгуначная кампанія Літвы ўвяла санкцыі на лінію, якая злучае Калінінград і Маскву праз частку тэрыторыі Літвы і Беларусі. Перавозкі на гэтую былую прускую тэрыторыю, якую Расея анэксавала пасля Другой сусветнай вайны, па-ранейшаму могуць ажыццяўляцца марскім і наземным шляхам, але толькі ў тым выпадку, калі няма тавараў, уключаных у спіс тавараў, якія падпадаюць пад санкцыі, уведзеныя пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну», – піша ўкраінскае выданне.
***
На саміце Вялікай сямёркі, які адбыўся ў замку Эльмау на поўдні Германіі, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў вядучых прамысловых дзяржаў Захаду аб’явілі аб рашучых дзеяннях супраць Расеі. Яны маюць намер і далей падтрымліваць Украіну – «столькі, колькі спатрэбіцца». Акрамя таго, удзельнікі саміту выказалі намер падтрымаць краіны з пераходнай эканомікай і краіны, якія развіваюцца, пры дапамозе інвестыцыйнай праграмы на суму каля 567 мільярдаў эўра.
Нямецкая газета Frankfurter Rundschau станоўча ацэньвае ідэю Олафа Шольца запрасіць на пасяджэнне таксама лідэраў Індыі, Сенегала, ПАР, Аргенціны і Інданезіі.
«Нават калі пры гэтым справа ў Эльмау не дайшла да вялікага братання, Шольц тым не менш прасоўвае сваю ідэю новага светапарадку: ён мае намер згуртаваць дэмакратычныя краіны супраць Расеі, а таксама – супраць Кітая. Практычна ўсе краіны Вялікай сямёркі падтрымалі ідэю стварэння ініцыятывы па інвестыцыях у бедныя краіны, і скласці ў гэтым плане канкурэнцыю Кітаю. Нават калі гэты саміт Вялікай сямёркі абышоўся дорага і не быў прысвечаны тэме клімату, ён тым не менш, не аказаўся пустой гаварыльняй», – адзначае нямецкае выданне.
***
У панядзелак увечары расейскія вайскоўцы нанеслі ракетны ўдар па гандлёва-забаўляльным цэнтры ў горадзе Крэменчуг, размешчаным у цэнтральнай Украіне. Загінулі сама меней 18 чалавек, дзясяткі паранены. Удзельнікі саміту Вялікай сямёркі асудзілі гэты акт агрэсіі, назваўшы яго злачынствам супраць чалавечнасці, а таксама заявілі, што прэзідэнт Пуцін панясе за яго адказнасць.
«Пуціну ўжо няма чаго губляць, менавіта таму ён такі небяспечны», – піша партугальская газета Visão.
«Пуцін трымае сябе па-за саміту Вялікай сямёркі і саміту НАТО ў Мадрыдзе, а таму імкнецца паказаць, наколькі магутным арсеналам валодае, а заадно і прадэманстраваць, што здольны нанесці ўдар па любым горадзе ва Украіне – нават самаму мірнаму і аддаленаму. Пуціну губляць ужо няма чаго, роўна як і выйграваць! Ён небяспечны, жорсткі і ніколі не раскаецца ў тым, што па яго загадзе былі забіты тысячы мірных грамадзян. Для яго яны падобныя качкам у кірмашовы дзень. Наўмысны ўдар па гандлёва-забаўляльным цэнтры або жылым будынку – гэта не вядзенне вайны. Гэта злачынства супраць чалавечнасці, якое не павінна застацца беспакараным!», -падкрэслівае партугальскае выданне.
***
Парламент Балгарыі прыняў рашэнне адмяніць вета, накладзенае краінай супраць пачатку перамоваў аб уступленні ў ЕЗ Рэспублікі Паўночная Македонія. Тым не менш, прапанаваны Сафіяй кампраміс уключае ў сябе шэраг умоваў, з якімі Скоп’е ў корані не згоднае. У іх ліку – патрабаванне аб унясенні змяненняў у канстытуцыю краіны, якія датычацца правоў балгарскай меншасці, а таксама прадпісанні аб тым, як называць мову, на якой размаўляюць у Паўночнай Македоніі. Балгарскі партал Дневник каментуе сітуацыю: «Македонія вось ужо больш за сто гадоў не з’яўляецца часткай нашай краіны. Палову з гэтых ста гадоў яна была занятая тым, што спрабавала стаць накшталт Славеніі – так, як гэта і абяцаў усім у Югаславіі маршал Ціта. Увесь пакінуты час Македонія выдаткавала на адчайныя пошукі сябе самой. Суцяшае, што ў выніку хаця б на адным боку барыкад запалілася святло розуму і рассеяла густую смугу палітычнай істэрыі. Нарэшце ў нас з’явілася магчымасць успомніць старую мудрасць: калі хочаш, каб нехта да цябе прыйшоў, то спачатку трэба яго адпусціць. Бяжы, Македонія! Мы будзем цябе чакаць!».
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя
Array