Таццяна Малашчанка: Дэмакратыя – гэта не базар



Беларускія жанчыны-актывісткі наведалі Еўрапарламент у Бруселі.

Уражаннямі ад паездкі падзялілася „Госця Рацыі” актывістка Таццяна Малашчанка.

РР: Якой была мэта вашай паездкі?

– Мэтай маёй паездкі было пазнаёміцца з працай Еўрапейскага парламенту. Я, як былы кандыдат у дэпутаты, на парламенцкіх выбарах двойчы спрабавала трапіць у беларускі парламент, але мне гэта не ўдалося па вядомых абставінах і акалічнасцях. Атрымалася, што ў Еўрапейскі парламент значна прасцей патрапіць, хай сабе з такой азнаямляльнай мэтай. Сапраўды было на што паглядзець і ўбачыць тую дэмакратыю, не ў прэсе прачытаць, а на свае вочы пабачыць.

РР: Колькі дзён вы там былі?

Два дні, але разам з дарогай – чацвёра сутак.

РР: Што цікавае вы ўбачылі ў Еўрапарламенце?

– У Еўрапарламенце мы ўбачылі абсалютную дэмакратыю, роўнасць. Спакойна хадзілі па ўсіх паверхах. Пры ўваходзе ў парламент там ёсць пэўныя працэдуры, але яны ёсць ва ўсіх офісных будынках, гэта нармальная з’ява. Павінна, канешне, быць пасведчанне пра асобу, з пропускам ходзіш спакойна, ніхто ніякіх пытання не задае. Можна было ўзяць паштоўкі і адправіць у любы канец свету. Яны ўжо былі аплочаныя, менавіта з залі пасяджэнняў Еўрапейскага парламенту. Многія з нашай групы скарысталіся магчымасцю даслаць паштоўкі палітвязням. Я асабіста падпісала пятнаццаць штук у розныя турмы Беларусі. Няма, канешне, пэўнасці, што яны дойдуць, як і ўсе астатнія лісты, бо бывае па-рознаму. Бывае, што не аддаюць людзям, але сам факт, што гэта будзе паштоўка з Еўрапейскага парламенту, нават калі яна не дойдзе да таго палітвязня, то тыя, хто праглядае лісты, праглядае паштоўкі, абавязкова прачытае і пабачыць, што пра гэтага чалавека ведаюць у Еўропе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя