Яраслаў Арашкевіч падпісаў кантракт з БАТЭ
Беларускі хаўбек Яраслаў Арашкевіч падпісаў кантракт з БАТЭ.

Пагадненне гульца з „жоўта-сінімі” разлічана да канца 2023 года, паведамляе прэс-служба барысаўчан. У 2021 годзе ён гуляў за берасцейскае „Дынама”. У цяперашнім чэмпіянаце ў 9 матчах за дынамаўцаў забіў 3 галы – больш за ўсіх у камандзе.
Юлія Німаер выбіла з турніру трэцюю ракетку свету
Нямецкая тэнісістка Юлія Німаер абгуляла трэцюю ракетку свету, эстонку Анет Кантавейт у другім крузе Уімблдона-2022 — 6:4, 6:0. У трэцім крузе Німаер згуляе супраць пераможцы пары Ангеліна Калініна (Украіна) — Леся Цурэнкі (Украіна).
„Манчэстэр Юнайтэд” прапанаваў „Аяксу” 40 мільёнаў еўра за Марцінеса
„Манчэстэр Юнайтэд” прапанаваў за абаронцу „Аякса” Лісандра Марцінеса 40 мільёнаў еўра, паведамляе журналіст Эрнана Сіста. Паводле інфармацыі крыніцы, аналагічную суму за 24-гадовага аргенцінца прапанаваў „Арсенал”. Раней паведамлялася, што амстэрдамскі клуб ацэньвае абаронцу ў 52-57 мільёнаў еўра. У мінулым сезоне Лісандра забіў адзін мяч і аддаў чатыры выніковыя перадачы ў 36 матчах за амстэрдамцаў ва ўсіх турнірах.
„Барселона” працягвае выгандлёўваць Роберта Левандоўскага
„Барселона” зрабіла трэцюю прапанову „Баварыі” па трансферу нападніка Роберта Левандоўскага. Як паведамляе Bild, каталонскі гранд прапанаваў за 33-гадовага паляка 40 млн еўра плюс 5 млн еўра ў якасці бонусаў. Пры гэтым, на думку крыніцы, мюнхенцы пачнуць разглядаць прапановы толькі ад 50 млн. еўра. Сам форвард у пачатку чэрвеня аб’явіў байкот „Баварыі” і зараз адкрыта просіць прадаць яго ў „Барселону”. У мінулым сезоне Левандоўскі правёў за „Баварыю” 46 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх забіў 50 галоў і аддаў 7 дзейсных перадач. Яго сёлетні кантракт заканчваецца летам 2023 года.
З наступнага сезона ў серыі „А” магчымы „залаты матч”
Федэрацыя футбола Італіі ўнесла змены ў рэгламент чэмпіянату і, у прыватнасці, зацвердзіла „залаты матч” у серыі „А”. „Залаты матч” пройдзе ў тым выпадку, калі першыя дзве каманды турнірнай табліцы набяруць па выніках чэмпіянату аднолькавую колькасць ачкоў. Калі па выніках 90 хвілін „залатога матчу” вынік будзе нічыйным, адбудзецца серыя пенальці. Таксама ў серыі „А” на пастаяннай аснове дазваляецца правядзенне камандай да пяці замен на працягу матча.
Беларускае Радыё Рацыя