Альгерд Бахарэвіч: Я не адчуваю, што Беларусь стала не цікавая свету



Для беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча сёлетні чэрвень выдаўся надзвычай ураджайным.

Спачатку ў ЗША ў перакладзе на ангельскую мову выйшаў раман „Дзеці Аліндаркі”. Раман выдала выдавецтва New Directions, а пераклалі твор Джым Дзінглі і Петру Рэйд.

Праз тыдзень у Францыі ў выдавецтве Le ver à soie выйшла яго кніга эсэ „Талент заікання і іншыя тэксты пра фашызм”.

Затым „Купалаўцы”і паказалі ў Любліне спектакль „ГУСІ-ЛЮДЗІ-ЛЕБЕДЗІ”, створаны паводле адной з частках раману Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў.

А сёння, 30 чэрвеня, стала вядома, што польскамоўнае выданне рамана „Сарока на шыбеніцы” патрапіла ў доўгі спіс цэнтральна-еўрапейскай прэміі „Angelus”. Кніга выйшла летась у выдавецтве Pogranicze, раман пераклалі Ян і Ігар Максімюкі.

Альгерд Бахарэвіч не адчувае, што цікавасць да Беларусі знікла.

– Усе кажуць пра тое, што цікавасці да Беларусі ўжо няма, я не ведаю, я гэтага не адчуваю. Запрашэнні прыходзяць увесь час з самых розных краін. Іншая рэч, то Беларусь цяпер цікавая выключна ў кантэксце вайны, выключна ў кантэксце Усходняй Еўропы, раазам з Расеяй і Украінай. Асобна нас рэдка хто хоча. Але ўсё роўна гэты кантакт адбываецца, гэтая размова, гэты дыялог з Захадам ён ідзе.

У лонг-ліст „Angelus” трапіла яшчэ адна кніга беларускага пісьменніка – Андрэя Адамовіча „Песня пра Цімура”, якую пераклаў Богдан Задура.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Альгерда Бахарэвіча.