Доктар Андрэй Пракапчук лячыў Янку Купалу



Да славутых жыхароў Слонімшчыны належыць і доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Андрэй Якаўлевіч Пракапчук (1896-1970).

Імя Андрэя Пракапчука ў свой час набыло сусветную славу. Ён з’яўляецца аўтарам больш як 200 навуковых прац, распрацаваў і ўкараніў у практыку метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам. Адны назвы яго медыцынскіх прац гавораць аб шырыні і разнастайнасці прафесійнай дзейнасці славутага доктара. Гэта даследаванні “Бэта-выпраменьвальнікі ў дэрматалагічнай практыцы”, “Змяненні нервовых элементаў скуры трусоў пад уздзеяннем радыёактыўнага фосфара”, “Гнойныя захворванні скуры і іх папярэджанне”, “Клініка рэдкіх дэрматозаў” і многія іншыя.

Андрэй Пракапчук даследаваў гісторыю беларускай медыцыны. У матэрыяле “Да гісторыі вышэйшай медыцынскай адукацыі і навуковых медыцынскіх таварыстваў у Літве і Беларусі”, які быў апублікаваны ў “Сборнику научных работ” (Мн., 1959) ці не ён першы ў пасляваенны час расказаў пра  Віленскае, Беластоцкае, Магілёўскае, Віцебскае медыцынскія таварыствы, сябры якіх працавалі па ўсёй Беларусі.

У 1944 годзе Андрэю Пракапчуку было прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Да апошніх дзён свайго жыцця доктар працягваў навуковыя пошукі. Усе свае веды і працу акадэмік аддаваў ахове здароўя чалавека.

Шчыра сябраваў Андрэй Пракапчук з многімі беларускімі пісьменнікамі, але найбольш з Янкам Купалам. Аднойчы доктару патэлефанавалі ў адну з мінскіх клінік, дзе ён працаваў, і паведамілі, што тэрмінова патрэбна кансультацыя доктара: захварэў Янка Купала, ёсць падазрэнне на дэрматыт, бо трэці дзень паэт скардзіцца на тое, што ў яго баліць скура на твары, пячэ, ён не можа да яе дакрануцца. І тэмпература падскочыла — 38,9.

Некалькі дзён Андрэй Пракапчук літаральна не адыходзіў ад паэта, і, нарэшце, лячэнне дало свае вынікі. Янка Купала ачуняў, павесялеў. Ад сэрца ў доктара адлягло. З таго часу Андрэй Якаўлевіч даволі часта бываў у доме песняра, там заўсёды было людна, збіралася літаратурная моладзь, гарачая, цікавая і разумная. І з Якубам Коласам ён пазнаёміўся ў гасцінным доме Янкі Купалы, дзе такой шчырай і ветлівай гаспадыняй была цётка Уладзя.

Збярогся да сёняшніх дзён чацвёрты том збору твораў Янкі Купалы, выдадзены ў 1940 годзе. На ім дарчы надпіс: „Дарагому прафесару, акадэміку А. Я. Пракапчуку на добрую памяць. Шчыра адданы Янка Купала. 21.04.1940 г., г. Менск.”.

У кастрычніку 1940 года Янка Купала і Андрэй Пракапчук наведалі Гародню. Гэта, відаць, была іх апошняя сумесная паездка па роднай Беларусі. У 1942 годзе Янкі Купалы не стала. Гартаючы старыя падшыўкі газеты “Савецкая Беларусь”, я нечакана спыніўся на № 61 ад 2 ліпеня 1942 года. Стала неяк горка ад прачытаных радкоў: “Акадэмія навук Беларускай ССР страціла свайго старэйшага акадэміка, члена Прэзідыума Акадэміі, вялікага песняра беларускага народа, выдатнага беларускага асветніка Янку Купалу…”. А ўнізе подпісы — Якуб Колас, Кісялёў К.В., Пракапчук А.Я. і г.д. Так доктар са Слонімшчыны развітаўся са сваім дарагім сябрам Янкам Купалам.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя