Спартоўкі „Рытма” выйгралі Кубак Беларусі па хакеі на траве



Спартоўкі гарадзенскага „Рытма” сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі па хакеі на траве сярод жаночых каманд. У заключным паядынку кубкавага розыгрышу гарадзенская каманда разграміла ў Баранавічах мясцовы клуб „Тэкстыльшчык-БарДУ” з лікам 5:1. Да гэтага „Рытм” перамог „Вікторыю” са Смалявіч і ХК „Мінск”. Такім чынам, гарадзенскі „Рытм” зрабіў пераможны дубль, выйграўшы ўслед за золатам чэмпіянату Беларусі і Кубак краіны. Раней у мужчын такога ж поспеху дамагліся спартоўцы „Мінска”.

Беларуская каманда „Персей” выйграла бронзу турніру КХЛ „3 на 3”

Беларуская каманда „Персей” заняла трэцяе месца на турніры КХЛ па хакеі ў фармаце „3 на 3”. У матчы за бронзу турніру ў расійскіх Мыцішчах беларускія хакеісты перайгралі „Цэнтаўр” з лікам 4:3. Хет-трыкам у складзе нашай каманды вызначыўся Віталь Пінчук, аўтарам пераможнай шайбы стаў Ягор Чазганаў. Такім чынам, гульцам „Персея” дастаўся грашовы прыз у 500 тысяч расійскіх рублёў.

Раней беларуская каманда стала мацнейшай на групавым этапе, святкаваўшы пяць перамог у сямі матчах, але ў паўфінале па булітах саступіла „Арыёну” – 4:5.

Форвард Фесу Меме Плака стаў гульцом „Шахцёра”

Тагалезскі нападнік Фесу Меме Плака стаў гульцом салігорскага „Шахцёра”. Форвард перайшоў у клуб у якасці свабоднага агента, — паведамляюць сацсеткі „жоўта-чорных”.

Прафесійную кар’еру Плака пачаў у футбольным клубе „Агаза” з роднага горада Ломэ. У 2013 годзе перайшоў у швейцарскі „Сервет”. Пасля выступаў за бельгійскія „Льерс” і „Біршот”. Апошнім клубам Фесу быў кувейцкі „Аль-Тадхамон”, у якім ён гуляў на правах арэнды з „Біршота”.

Плака з’яўляецца гульцом нацыянальнай зборнай Тога. На яго рахунку 21 матч і восем галоў у футболцы галоўнай каманды краіны.

„Актобэ” цікавіўся Умаравым, аднак трансфер не адбудзецца з-за высокіх фінансавых запытаў БАТЭ.

Узбекскі хаўбек БАТЭ Шахбоз Умараў трапіў у сферу інтарэсаў казахстанскага „Актобэ”, аднак трансфер не адбудзецца.

Пра гэта паведамляе казахстанскі інсайдэр Айдын Кажахмет.

Па інфармацыі крыніцы, пераход сарваўся з-за занадта высокіх фінансавых запытаў з боку БАТЭ.

Умараў у гэтым сезоне не правёў ніводнага матча ў вышэйшай лізе. СМІ паведамлялі аб канфлікце гульца з настаўнікам барысаўчан Аляксандрам Міхайлавым.

Арцём Каралёк сустрэўся з выхаванцамі гродзенскай школы гандбола

Беларускі лінейны „Вівэ” Кельцэ, MVP „фіналу чатырох” Лігі чэмпіёнаў Арцём Каралёк вярнуўся ў Гародню і сустрэўся з выхаванцамі мясцовай гандбольнай школы. Каралёк, які сам вучыўся гандболу ў Гародні, адгукнуўся на запрашэнне „Гараднічанкі” і правёў сустрэчу з навучэнцамі спартовай школы. Лінейны „Вівэ” прынёс з сабой свежыя ўзнагароды: золата чэмпіянату Польшчы і срэбра Лігі чэмпіёнаў. Хлопцы больш за гадзіну слухалі Каралька, бралі ў яго аўтографы і фатаграфаваліся. Дзеці пыталіся, як Арцём трапіў у гандбол, якімі якасцямі павінен валодаць лінейны, як засцерагчыся ад траўмаў і ці вернецца калі-небудзь гулец у Гародню. Гандбаліст зборнай Беларусі выказаў надзею, што яшчэ найменьш гадоў дзесяць ён будзе гуляць, а потым, магчыма, вернецца ў родную краіну, паведамляе прэс-служба клуба.

Плішкава прайграла 118-й ракетцы свету ў 1/32 фіналу „Уімблдона”
 
Сёмая ракетка свету чэшка Караліна Плішкава саступіла 118-й ракетцы свету прадстаўніцы Вялікабрытаніі Кэці Бултар у 1/32 фіналу „Уімблдона”. Матч працягваўся 1 гадзіну 57 хвілін і завяршыўся з лікам 6:3, 6:7 (4:7), 4:6. 15-ы нумар рэйтынгу АТП аргенцінец Дыега Шварцман  прайграў 132-й ракетцы свету прадстаўніку Вялікабрытаніі Лаяму Браадзі  2:6, 6:4, 6:0, 6:7 (6:8), 1:6.

Дзюпланціс у Стакгольме перапісаў уласны сусветны рэкорд у скачках з шастом – 6.16!

Швед Арман Дзюпланціс усталяваў новы сусветны рэкорд ў скачках з шастом на адкрытым паветры на хатнім этапе „Дыяментавай лігі” ў Стакгольме. 22-гадовы спартовец з другой спробы пераадолеў планку на вышыні 6 метраў 16 сантыметраў, на сантыметр абнавіўшы ўласнае сусветнае дасягненне. Супернікі Дзюпланціса амерыканец Крыстафер Нільсан і бразілец Тыяга Браз завяршылі выступы, не ўзяўшы вышыню 6 метраў 3 сантыметры.

У Лондане адбылася двубой поглядаў паміж Вусікам і Джошуа

У Лондане адбыўся паядынак поглядаў паміж украінцам Аляксандрам Вусікам  і брытанцам Энтані Джошуа перад другім тытульным боем, які адбудзецца 20 жніўня ў Саудаўскай Аравіі.

Байцы каля хвіліны прастаялі адзін насупраць аднаго, пасля чаго павярнуліся да гледачоў і Вусік зрабіў жэст, характэрны для казакоў, дастаўшы нябачную шаблю. Першы паядынак байцоў адбыўся ў кастрычніку 2021 года ў брытанскім Нотынгеме. Пераможцам стаў Аляксандр Вусік, які ўпэўнена перабаксіраваў Джошуа па выніках 12 раундаў і адабраў у яго тытулы WBA Super, IBF і WBO.

Беларускае Радыё Рацыя