Выйшаў з друку „Лідскі летапісец”



Хоць са спазненнем, але выйшаў з друку чарговы нумар часопіса “Лідскі летапісец”, які рэдагуе Станіслаў Суднік. Гэта здвоены 95 і 96 нумары. Здвоены часопіс выйшаў з друку дзеля эканоміі на вокладцы, бо цэны на паперу і паліграфічныя выдаткі вельмі вялікія.

На першай старонцы вокладкі – будынак Ганчарскай школы. Справа ў тым, што ў дзесяці нумарах часопіса друкавалася “Сачыненне на вольную тэму: звесткі пра сялянскае жыццё, навучанне, вучняў і іхні лёс у Ганчарскай акрузе” выпускніка гэтай школы Віктара Кудлы. Надрукаваны апошні раздзел гэтага грандыёзнага даследавання, якога хопіць на добрую кнігу. Праз усе 10 нумароў праходзіць у гэтым творы светлая мара вясковых хлопцаў, а асабліва дзяўчат, стаць настаўнікамі. Ні касманаўтам, ні кім яшчэ, а настаўнікамі. Кім толькі яны не станавіліся, але мара была у многіх адна –  стаць настаўнікам. Каб жа так цяпер!..

Часопіс пачаў друкаваць успаміны Караля Лясковіча “Красовы двор і яго суседзі” у перакладзе Леаніда Лаўрэша пра двор Ішчална зараз Шчучынскага раёна.

Друкуе часопіс і новыя цікавыя матэрыялы пра прыход у Ракавічах, пра цэрквы Лідчыны, пра Тэадора Нарбута і многі іншыя артыкулы і даследаванні.

Беларускае Радыё Рацыя